Украінскія распрацоўшчыкі прадставілі дрон-перахопнік Zirka са хуткасцю больш за 340 км/г
- 1.07.2026, 4:59
- 1,094
Відэа.
Ва Украіне прадставілі новы дрон-перахопнік Zirka, распрацаваны для знішчэння варожых беспілотнікаў у паветры. Праект стварылі ўкраінскія інжынеры пры падтрымцы кампаніі Vyriy Industries, якая інвеставала ў распрацоўку і дапамагае з будучым пашырэннем вытворчасці. Пра гэта паведамляе «Мілітарний».
Перахопнік абсталяваны сістэмай аўтаматычнага выяўлення мэтаў і навядзення на іх. Максімальная хуткасць дрона перавышае 340 км/г, ён здольны працаваць на вышыні да шасці кіламетраў, а далёкасць яго прымянення дасягае 30 км. У паветры апарат можа знаходзіцца да 20 хвілін.
Распрацоўкай апарата займалася кампанія Noctis, а пры яго стварэнні былі выкарыстаныя наработкі вайскоўцаў, якія маюць практычны досвед барацьбы з расійскімі ўдарнымі дронамі. У прыватнасці, да працы далучыліся спецыялісты антышахеднага батальёна Darknode са складу 412-й брыгады беспілотных сістэм Nemesis.
Распрацоўшчыкі ацэньваюць кошт аднаго Zirka ў памеры да $2000 і называюць яго адным з самых даступных рашэнняў у сваім класе. Ужо цяпер каманда працуе над версіяй Zirka 2.0, якая атрымае ўдасканаленыя сродкі выяўлення мэтаў, больш магутную цяплавізійную сістэму і пашыраныя магчымасці аўтаматычнага перахопу.