Чаму выбары ў Арменіі так нервуюць Лукашэнку
3- 4.06.2026, 10:28
- 3,524
Ерэван на парозе геапалітычнага выбару.
Набліжаюцца, магчыма, «найбольш геапалітычныя» выбары ў гісторыі Арменіі, якія могуць замацаваць або спыніць адыход краіны з расійскай арбіты. Адносіны Ерэвана з Масквой як ніколі абвастрыліся, адна за адной з’яўляюцца навіны пра затрыманні, вобшукі і абвінавачанні апазіцыянераў. «Белсат» разбіраўся, што адбываецца.
Парламенцкія выбары ў Арменіі павінны адбыцца 7 чэрвеня з 8 раніцы да 8 вечара. Датэрміновага галасавання на іх няма, а па-за межамі Арменіі прагаласаваць могуць толькі дыпламаты і некаторыя вайскоўцы. Выбары адбываюцца на фоне пагроз з боку Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, гучных арыштаў і расследаванняў, а таксама чутак пра завоз у краіну выбаршчыкаў для галасавання за апазіцыю.
Трэба абраць як мінімум 101 дэпутата аднапалатнага Нацыянальнага сходу. Выбары праходзяць па прапарцыйнай сістэме з партыйнымі спісамі — выбаршчык галасуе за адну партыю або блок. Прахадны бар’ер для партый — 4%, для блокаў — 8–10%. Для прадстаўнікоў чатырох найбольшых нацыянальных меншасцяў (рускіх, езiдаў, курдаў і асірыйцаў) зарэзервавана па адным мандатзе.
Канстытуцыя прадугледжвае другі тур выбараў праз 35 дзён, калі па выніках першага не складзецца стабільная парламенцкая большасць з 54% мандатаў. У такім выпадку дзве найбольш папулярныя партыі выходзяць у другі тур, а пераможца атрымлівае дадатковыя мандаты, каб мець 54% месцаў у парламенце.
Хто ў бюлетэні
У бюлетэні на выбарах 2026 года — 19 партый і блокаў. На месцы ў Нацыянальным сходзе Арменіі, зыходзячы з апытанняў, насамрэч прэтэндуюць каля шасці-сямі палітычных сіл. Цяжка сказаць, ці наберуць разам апазіцыйныя партыі больш за палову галасоў, але нават калі і наберуць, гэта зусім не гарантуе, што яны змогуць сфарміраваць кааліцыю. Аднак вынікі апытанняў вельмі моцна адрозніваюцца і не выглядаюць надзейнымі — многія армяне ў апытаннях кажуць, што яшчэ не вызначыліся.
Асноўныя партыі наступныя:
«Грамадзянскі дагавор» (Քաղաքացիական պայմանագիր) — цяперашняя кіроўная партыя і фаварыт выбараў. Паводле розных апытанняў, яна можа атрымаць ад трэці да паловы галасоў, але не факт, што атрымае абсалютную большасць без фармавання кааліцыі або другога тура. Лідар партыі — дзеючы прэм’ер-міністр Нікол Пашынян. Партыю лічаць цэнтрысцкай або правацэнтрысцкай, праеўрапейскай, часам яе называюць папулісцкай. Пашыняна адкрыта падтрымаў прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп.
«Моцная Арменія» (Ուժեղ Հայաստան) — аб’яднанне партыі «Моцная Арменія» з двума меншымі партыямі. Галоўная партыя была заснаваная толькі напрыканцы 2025 года. Яе лідар — расійскі мільярдэр армянскага паходжання Самвел Карапетян, арыштаваны год таму. Цяпер ён пад хатнім арыштам з-за абвінавачанняў у закліках да захопу ўлады і адмыванні грошай. Карапетяна лічаць прарасійскім кандыдатам, Расія патрабуе яго допуску да выбараў. Ён быў далёкі ад палітыкі да мінулагодняга канфлікту Пашыняна з Армянскай апостальскай царквой, якую ўлады западазрылі ў падрыхтоўцы перавароту пасля паразы Арменіі ў войнах з Азербайджанам. За чатыры дні да выбараў саюзніка Карапетяна і чальца яго партыі арыштавалі, абвінаваціўшы ў подкупе выбаршчыкаў і адмыванні грошай. Падаецца, што блок «Моцная Арменія» можа стаць найбуйнейшай апазіцыйнай сілай у парламенце, але не возьме абсалютнай большасці.
«Альянс Арменія» (Հայաստան դաշինք) — блок «Армянскай рэвалюцыйнай федэрацыі» (Հայ Յեղափոխական Դաշնակցութիւն; часта яе называюць толькі апошнім словам «Дашнакцутюн») з адной радыкальнай партыяй. У дзеючым скліканні парламента — найбольшая апазіцыйная фракцыя. «Дашнакцутюн» лічыцца левай або левацэнтрысцкай прарасійскай партыяй. Лідар — прэзідэнт Арменіі ў 1998–2008 гадах Роберт Качарян. У 2019–2020 гадах яго некалькі разоў арыштоўвалі па справе аб разгоне мітынгу ў 2008 годзе і спробе звяржэння канстытуцыйнага ладу. Пазней адпаведны крымінальны артыкул прызналі неканстытуцыйным, але яму могуць выстаўіць новыя абвінавачанні, а неназваную колькасць ягоных саюзнікаў арыштавалі ў маі, а на пачатку чэрвеня ў штабе блока правялі вобшук. Нягледзячы на гэта, з апытанняў выглядае, што «Альянс Арменія» можа заняць трэцяе месца.
«Працвітаючая Арменія» (Բարգավաճ Հայաստան) — партыя армянскага бізнесмена Гагіка Царукяна, заснавальніка канцэрна Multi Group і сябра Лукашэнкі (малодшаму сыну якога ён нават дарыў львянят). У 1979 годзе Царукян быў асуджаны на 7 гадоў калоніі за рабаванне і групавое згвалтаванне; прысуд скасавалі ў 2001 годзе, і дагэтуль невядома, ці адбыў Царукян пакаранне. Яго партыю лічаць прарасійскай, але яна пазіцыянуе сябе як «прагматычную» і «шматвектарную». Другі нумар у спісе Андранік Тэванян быў арыштаваны 23 мая па падазрэнні ў шпіянажы і дзяржаўнай здрадзе. Сам Царукян перад выбарамі падаў у суд на Пашыняна, які называў яго «агентам» і «шпіёнам». Апытанні паказваюць, што партыя «Працвітаючая Арменія» можа заняць чацвёртае месца.
Верагодна, у парламент пройдуць яшчэ некалькі партый, сярод якіх могуць быць «Дэмакратыя, закон і парадак» (лідар якой Вардан Гукасян быў у міжнародным вышуку, а летась яго затрымалі ў ЗША і дэпартавалі ў трэцюю краіну) і «Крылы адзінства» (даследчыкі заяўлялі пра крэмлёўскае фінансаванне гэтай партыі, а таксама «Моцнай Арменіі» і «Альянса Арменія»).
«Рэспубліканская партыя Арменіі» былога прэм’ера (2007–2008 і шэсць дзён у 2018-м) і экс-прэзідэнта (2008–2018) Сержа Саргсяна адмовілася ад удзелу ў выбарах, хаця з апытанняў вынікала, што яна магла б пераадолець бар’ер і атрымаць некалькі мандатаў. Летась супраць Саргсяна адмовіліся спыняць крымінальную справу за хабар і ўзбудзілі новую крымінальную справу. «Рэспубліканскую партыю Арменіі» не трэба блытаць з праеўрапейскімі партыямі «Рэспубліка» і «За рэспубліку», якія наўрад ці пераадолеюць прахадны бар’ер.
Дык там пераследуюць усю апазіцыю?
Перад гэтымі выбарамі з’явілася шмат спраў, звязаных з былымі ўладамі, а таксама прарасійскімі палітыкамі. Большасць праеўрапейскага электарату падтрымлівае Пашыняна, а прарасійская апазіцыя да яго не надта папулярная.
Прымечальна, што ў судах бываў і сам Пашынян: у 1999 годзе яго, тады яшчэ журналіста, прызналі вінаватым у паклёпе на жонку дэпутата, асудзілі на год пазбаўлення волі і пасля грамадскага ціску замянілі прысуд на ўмоўны тэрмін; у 2010-м асудзілі на сем гадоў за «арганізацыю масавых беспарадкаў» у 2008-м, праз паўтара года вызвалілі па амністыі.
Праваабаронцы Human Rights Watch у дакладзе пра перадвыбарчую кампанію 2026 года перадаюць заявы пра выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу на выбарах, ціск на бюджэтнікаў, падазрэнні ў подкупе выбаршчыкаў, адсутнасць адказнасці за неналежныя дзеянні паліцыі…
Назіральнікі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе адзначалі, што перадвыбарчая кампанія праходзіць у атмасферы палярызацыі, на фоне канфлікту ўладаў з Армянскай апостальскай царквой і крымінальных абвінавачанняў на адрас вядомых апазіцыянераў. Гэта выклікала ў назіральнікаў АБСЕ сур’ёзную занепакоенасць.

Праваабаронцы і назіральнікі не робяць высноваў пра палітычны пераслед або ліквідацыю апазіцыі — толькі перадаюць такія заявы апазіцыі і журналістаў. Улады на такія заявы адказваюць, што гэта законнае пераследаванне за рэальныя злачынствы. Так гэта ці не, зразумець няпроста.
Freedom House па-ранейшаму лічыць Арменію часткова свабоднай краінай, дзе найбольшыя праблемы не з палітычнымі правамі, а з вяршэнствам права і незалежнасцю судоў. Паводле рэйтынгу «Рэпарцёраў без межаў», у Арменіі ёсць праблемы са свабодай прэсы, але гэтай свабоды крыху больш, чым у Італіі або ва Украіне. Вялікай праблемай застаецца карупцыя, і, паводле рэйтынгу Transparency International, сітуацыя з успрыманнем карупцыі палепшылася з 2018 года, калі Пашынян зрынуў Саргсяна.
Ды і дзеянні праваахоўнікаў скіраваныя пераважна супраць прарасійскіх палітыкаў, якіх і раней падазравалі ў карупцыі, а Расія не хавае жадання ўмяшацца ў гэтыя выбары.
Стаўкі як ніколі высокія?
Выбары 7 чэрвеня называюць «найбольш геапалітычнымі» ў гісторыі Арменіі: у разе паразы Пашыняна можа спыніцца курс на збліжэнне з Еўрасаюзам, які яго прыхільнікі называюць рухам да больш дэмакратычнай мадэлі. Галоўная праблема для выбаршчыкаў у Арменіі, паводле аднаго з нядаўніх апытанняў, — нацыянальная бяспека і мір: людзі баяцца новай вайны з Азербайджанам. У «перацягванні каната», як зазначае The Guardian, удзельнічае яшчэ і Турцыя — яна на баку Пашыняна, які хоча нармалізацыі адносін. На гэтым фоне беспрацоўе, высокія цэны і нізкія заробкі для выбаршчыкаў другасныя.
У 2020 і 2023 гадах Арменія прайграла ў войнах з Азербайджанам — і той ліквідаваў непрызнаную армянскую Нагорна-Карабахскую Рэспубліку на сваёй тэрыторыі. З Нагорнага Карабаха ў выніку аказалася выгнаным амаль усё насельніцтва — звыш 100 тысяч чалавек, якія там яшчэ заставаліся. Расія ў гэтых войнах не падтрымала Арменію, хаця тая ўваходзіць у Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бяспецы, а Азербайджан — не. Як казаў «Белсату» палітычны аглядальнік Сяргей Наумчык, досвед Арменіі паказаў, што спробы залагодзіць Крэмль не даюць выніку.
Беларусь таксама не падтрымала Арменію і нават пастаўляла зброю Азербайджану. Калі з Пуціным Пашынян яшчэ камунікуе адносна стрымана, дык з Лукашэнкам публічна спрачаўся і ўрэшце адмовіўся з ім размаўляць.

Арменія ў выніку адвярнулася ад АДКБ, а Пашынян не выключаў рэферэндуму пра выбар паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Еўрасаюзам, але пасля размовы з Пуціным 3 чэрвеня сказаў, што не будзе спрачацца з Расіяй пра ЕАЭС — толькі просіць растлумачыць, якую карысць нясе саюз яго краіне. У маі ў Арменіі — краіне, дзе дагэтуль дзейнічае расійская вайсковая база — прайшоў саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці і першы саміт Арменія — Еўрасаюз.
Гэта відавочна не спадабалася Крамлю. Спачатку Пуцін, а следам Лукашэнка пагражалі Арменіі лёсам Украіны, дзе «ўсё пачалося з спробаў далучыцца да Еўрасаюза». Міністэрства замежных спраў Расіі заяўляла пра «спробы ўцягнуць Арменію ў антырасійскую арбіту». Міністр энергетыкі Расіі прыгразіў Арменіі спыненнем паставак нафты і газу. Расельгаснагляд разгарнуў супраць Арменіі вялікую гандлёвую вайну.
Расія, як сцвярджае Reuters са спасылкай на заходнія разведкі, не толькі збіраецца ўплываць на гэтыя выбары пагрозамі, прапагандай і дызінфармацыяй, але і разглядае масавы завоз у Арменію 100 тысяч армян з эміграцыі для ўдзелу ў выбарах (бо па-за межамі Арменіі галасаваць нельга). Гэта значныя лічбы: усяго права голасу маюць менш за 2,5 млн чалавек. Сцэнар называлі дарагім і сумнеўным, але прапановы дастаўкі людзей з-за мяжы на галасаванне сапраўды з’явіліся.
Гэта толькі інфармацыйная вайна? Еўрасаюз — вельмі далёкая мэта для Арменіі
Арганізаваны завоз армян з Расіі выглядае маларэалістычным, сказаў у «Студыі» на «Белсаце» палітолаг, журналіст «Вот так. Арменія» Арутюн Восканян. На яго думку, у Расіі ёсць больш сур’ёзныя праблемы, чым вынікі выбараў у Арменіі. І ёсць больш сур’ёзныя інструменты ціску:
«Хто б ні стаў прадстаўніком наступнай улады, думаю, Расія заўсёды знойдзе спосаб дамаўляцца з ім, — лічыць Восканян. — Бо ёсць пэўныя сітуацыйныя і структурныя абмежаванні ў Арменіі: эканамічныя, знешнепалітычныя…»
Цяпер працягваецца інфармацыйная вайна, але яна нават выгадная дзеючым уладам Арменіі, заявіў суразмоўца. Такія пагрозы дазваляюць дзейным лідарам пазіцыянаваць сябе як празахадныя сілы і атрымаць патрэбныя галасы.
Пашыняну таксама зручна спрачацца з Лукашэнкам, адзначыў Восканян: можна казаць Лукашэнку тое, чаго не скажаш у вочы Пуціну, і такім чынам кансалідаваць свой электарат.
Арменія на геапалітычным раздарожжы? Перад выбарамі Пуцін і Лукашэнка пагражаюць ёй вайной
Пагрозы Пуціна і Лукашэнкі вайной, «як ва Украіне», Восканян усур’ёз не ўспрымае:
«У Арменіі няма ніякіх магчымасцяў стаць членам Еўрапейскага саюза. Гэта адназначна! Гэта доўгатэрміновая перспектыва: ёсць прыклады Турцыі, Поўначнай Македоніі, Албаніі, Чарнагорыі, не кажучы ўжо пра іншыя краіны».
Суседняя Грузія падала заяўку на далучэнне да Еўрасаюза ў 2022 годзе — адначасова з Малдовай і Украінай. Яна атрымала статус кандыдата на далучэнне да Еўрасаюза ў канцы 2023-га, але менш чым праз год фактычна сама адмовілася. У Грузіі ў 2004–2012 гадах пры ўладзе была праеўрапейская партыя «Адзіны нацыянальны рух». Яе змяніла «Грузінская мара», якая ў першыя 10 гадоў пры ўладзе выглядала нібыта праеўрапейскай. Партыя змяніла знешнюю палітыку пасля пачатку паўнамасштабнай вайны ва Украіне, а напрыканцы 2024 года адмовілася ад перамоваў пра далучэнне да Еўрасаюза да 2028 года. Цяпер «Грузінская мара» дзейнічае хутчэй як прарасійская і нават абвінавачвае Захад у нападзе Расіі на Грузію ў 2008 годзе.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што пагрозы Расіі адносна Арменіі нельга ігнараваць, трэба «больш думаць пра бяспеку». Ён спадзяецца, што Еўрасаюз падтрымае Арменію. А ці спатрэбіцца гэта? Восканян так не думае:
«Я не ўяўляю, што можа зрабіць Масква ў дадзеным выпадку. Якіясьці інфармацыйныя атакі — так, могуць быць, але не заўсёды цэнтралізаваныя менавіта супраць Арменіі або супраць перадвыбарчай кампаніі. Я не лічу, што ў Расіі ёсць жаданне гэтым займацца. І фінансава, і стратэгічна ёсць пытанні пасур’ёзней».
Тое, што Зяленскі гаворыць пра пагрозы Арменіі з боку Расіі, натуральна, бо ўпісваецца ў кантэкст вайны Расіі супраць Украіны, упэўнены Восканян. Гэта ваенная рыторыка Украіны, але не рэальнасць Арменіі, лічыць суразмоўца.
Вынікі парламенцкіх выбараў у Арменіі суразмоўца брацца прагназаваць не стаў: у партыі Пашыняна высокія шанцы, але ўсё яшчэ можа рэзка і радыкальна змяніцца.