Украіна другі раз за месяц паразіла станцыю, якая забяспечвае Маскву палівам
3- 27.06.2026, 12:52
- 2,572
У СБУ раскрылі падрабязнасці.
Беспілотнікі Службы бяспекі Украіны другі раз за месяц паразілі нафтаперакачвальную станцыю «Второво» ва Уладзімірскай вобласці РФ. Яна забяспечвае Маскву палівам.
Пра гэта паведамляе прэс-служба СБУ.
«Выконваючы пастаўленыя прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім задачы ў межах 40-дзённай аперацыі ўплыву на РФ, воіны «Альфы» СБУ нанеслі паспяховыя ўдары па лінейна-вытворча-дыспетчарскай станцыі «Второво» ва Уладзімірскай вобласці», — гаворыцца ў паведамленні.
Гэта станцыя ўваходзіць у структуру АО «Транснефть-Верхняя Волга» і з’яўляецца ключавым лагістычным вузлом для перакачкі светлых нафтапрадуктаў у экспартныя парты і ўнутраных спажыўцоў.
Праз яе ажыццяўляецца транспартаванне дызельнага паліва ў маскоўскі кальцавы нафтапрадуктаправод, а адтуль — на буйныя нафтабазы вакол Масквы.
Таксама станцыя забяспечвае пастаўкі нафтапрадуктаў на экспарт праз парты Балтыйскага мора.
Паводле папярэдняй інфармацыі, беспілотнікі СБУ трапілі ў тэхнічныя будынкі аб’екта, пасля чаго адбылася дэтанацыя.