У РФ апублікавалі відэа, на якім схаваная камера здымае кіраўніка МЗС Беларусі
9- 26.06.2026, 20:18
- 11,870
Фота: sb.by
Відэа з'явілася напярэдадні візіту Лукашэнкі ў Расію.
Расійскі тэлеграм-канал «ЕЖ» напярэдадні візіту Аляксандра Лукашэнкі у Расію апублікаваў відэа з нібыта перахопленай размовай міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжэнкава.
На запісе чалавек абмяркоўвае з падначаленым магчымую здзелку з амерыканскімі інвестарамі. На чорна-белым відэа нейкі мужчына сядзіць на заднім сядзенні аўтамабіля і размаўляе па мабільным тэлефоне. Пры гэтым гук і відэашэраг не супадаюць.
Паводле слоў мужчыны на аўдыё, здзелку з амерыканскім інвестарам асабіста кантралюе «Першы» — намёк на Аляксандра Лукашэнку. Гэтая здзелка нібыта павінна «адкрыць дзверы» для Беларусі, а яе кошт «не мае ніякага значэння», бо ўсе выдаткі нібыта плануецца «кампенсаваць за кошт суседзяў». Гэта відавочны намёк на магчымы продаж амерыканскім інвестарам у рамках «вялікай здзелкі» з Дональдам Трампам Нежынскага горна-абагачальнага камбіната калійных соляў.
Зазначым, відэа з'явілася напярэдадні візіту Лукашэнкі у Расію.