Мінабароны Эстоніі: Крэмль апынуўся перад складаным выбарам
1- 26.06.2026, 15:15
- 1,194
Прычынай гэтага — украінскія ўдары.
Здольнасць Украіны наносіць удары на вялікія адлегласці паставіла кіраўніцтва Расіі перад складаным выбарам, паколькі сродкаў СПА не хапае для прыкрыцця ўсіх аб'ектаў.
Пра гэта заявіў кіраўнік аддзела абароннай гатоўнасці Міністэрства абароны Эстоніі Герт Каю, якога цытуе ERR.
Чыноўнік адзначыў, што гэта вымушае расійскае камандаванне свядома ісці на рызыку, пакідаючы частку аб'ектаў без абароны.
«Павелічэнне здольнасці Украіны наносіць удары на вялікія адлегласці паставіла кіраўніцтва Расіі перад складаным выбарам: паколькі сродкаў СПА не хапае на ўсё, даводзіцца выбіраць прыярытэтныя аб'екты. Гэта непазбежна звязана з рызыкамі, то-бок некаторыя аб'екты застаюцца без абароны, і трэба ўлічваць, што яны будуць знішчаныя або выведзеныя з ладу», — сказаў Каю.
У выніку паспяховых удараў Украіны сродкамі сярэдняй і вялікай далёкасці было выведзена з ладу да 20% расійскіх магутнасцяў па перапрацоўцы нафты.
«У сувязі з гэтым у Расіі ўзнік сур'ёзны дэфіцыт паліва, і прыблізна ў 20 рэгіёнах былі ўведзены розныя абмежаванні на яго продаж», — адзначыў Каю.
Уплыў украінскіх удараў на вялікія адлегласці прызнаў і расійскі лідар Уладзімір Пуцін, а ўраду Расіі было даручана мінімізаваць наступствы гэтых атак, дадаў ён.
Пры гэтым колькасць расійскіх удараў на вялікія адлегласці на мінулым тыдні прыкметна скарацілася, паведаміў Каю.
«Інтэнсіўнасць расійскіх удараў на вялікія адлегласці ў параўнанні з папярэднім перыядам істотна знізілася. Расія запусціла каля 900 беспілотнікаў і 12 ракет. У параўнанні з папярэднімі тыднямі гэта на 35% менш па беспілотніках і на 84% — па ракетах», — адзначыў ён.
Каю дадаў, што раней за такім спадaм інтэнсіўнасці удараў звычайна ішлі маштабныя атакі Расіі з выкарыстаннем вялікай колькасці сродкаў паветранага нападу.