Латвія ўзмоцніць СПА на мяжы з Беларуссю
- 26.06.2026, 12:41
Таксама будуць умацаваныя інжынерныя збудаванні.
Латвія ў бліжэйшы час разгорне дадатковыя сістэмы супрацьпаветранай абароны на ўсходняй мяжы. Пра гэта пасля закрытага пасяджэння Ваеннага савета з удзелам прэзідэнта краіны заявіў міністр абароны Райвіс Мелніс.
Паводле яго слоў, Мінабароны працуе над умацаваннем памежных раёнаў з дапамогай новых радараў і сродкаў перахопу паветраных мэт. У той жа час міністр прызнаў, што цалкам выключыць пранікненне беспілотнікаў немагчыма, аднак улады прымаюць меры для ўмацавання сістэмы СПА.
Мелніс адзначыў, што рэалізацыю праектаў ускладняюць працяглыя працэдуры закупак, аднак ужо знойдзены рашэнні, якія дазволяць у бліжэйшы час разгарнуць дадатковыя абаронныя комплексы.
Ён падкрэсліў, што эфектыўная абарона паветранай прасторы патрабуе не толькі сучасных радараў, але і інтэграванай сістэмы кіравання, а таксама належнай падрыхтоўкі вайскоўцаў, падзякаваўшы Украіне за абмен досведам у гэтай сферы.
Падчас пасяджэння Ваеннага савета таксама абмеркавалі ўмацаванне інжынерных збудаванняў на сухапутнай мяжы, удасканаленне абмену сакрэтнай інфармацыяй паміж цэнтральнымі ўладамі і муніцыпалітэтамі, а таксама пытанні грамадзянскай бяспекі, у прыватнасці працу сістэм апавяшчэння, сховішчаў і дзеянні падчас паветранай трывогі.