Пад Мінскам прадаюцца два будынкі рэзідэнцыі Гутэн-Чапскіх
- 24.06.2026, 9:31
- 1,308
Заяўкі на аўкцыёны прымаюць да 16 ліпеня.
У самай вядомай рэзідэнцыі роду Гутэн-Чапскіх прадаюцца будынкі з зямельнымі ўчасткамі ў арэнду на 99 гадоў, паведаміла Беларуская ўніверсальная таварная біржа.
На пляцоўцы «БУТБ-Имущество» абвясцілі пра запланаваныя аўкцыёны па продажы двух будынкаў у вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна. Памывачная і канюшня размешчаны побач з сядзібным паркам Чапскіх і мясцовым возерам.
Пачатковы кошт будынка памывачнай — амаль 5700 рублёў, канюшні — больш за 7600.
«У абодвух выпадках можна змяніць мэтавае прызначэнне участкаў і размясціць аб’екты жылой сядзібнай забудовы, а будынкі можна рэканструяваць і (або) знесці і ўзвесці новыя», — адзначылі ў БУТБ.
Завяршыць усе працы неабходна на працягу чатырох гадоў з даты падпісання акта прыёму-перадачы.
Заяўкі на аўкцыёны прымаюць да 16 ліпеня, самі таргі адбудуцца 21 ліпеня.
Гутэн-Чапскія — шляхецкі род, які валодаў буйнымі маёнткамі ў Мінскай вобласці, уключаючы: Станькава, Прылукі (пад Мінскам), землі ў Мінскім і Ігуменскім паветах.
