У Беларусі ўводзяць падатковыя навацыі
3- 22.06.2026, 19:37
- 2,368
Падатковая будзе па-новаму сачыць за даходамі і расходамі насельніцтва.
У Беларусі ўводзяць падатковыя навацыі. Яны тычацца інфармацыі, якую арганізацыі абавязаны перадаваць падатковым органам для кантролю за даходамі і расходамі насельніцтва.
Сёлета чыноўнікі пашырылі спіс інфармацыі, якую арганізацыі павінны падаваць у падатковую. Сярод іншага банкі і пастаўшчыкі плацёжных паслуг абавязалі перадаваць падатковай даныя аб грашовых пераказах, якія беларусы адпраўляюць за мяжу. Гаворка ў тым ліку пра электронныя грошы. Раней такія даныя трэба было паведамляць толькі калі гэта пераказы з-за мяжы.
Таксама падатковая будзе атрымліваць інфармацыю ад забудоўшчыкаў пра долявае будаўніцтва нерухомасці — колькі фізічныя асобы заплацілі за яе. Гаворка пра аб’екты:
у дачыненні да якіх у мінулым каляндарным годзе забудоўшчык перадаў дакументы для дзяржаўнай рэгістрацыі;
прынятыя ў эксплуатацыю і аплачаныя фізічнымі асобамі.
Крыптаплатформы, якія з’яўляюцца рэзідэнтамі ПВТ, абавязалі паведамляць пра здзелкі кліентаў-фізічных асоб на сумы больш за 150 тысяч рублёў.
Цяпер жа чыноўнікі прапісалі, у якія тэрміны арганізацыі павінны падаваць гэтыя даныя ў падатковую. Напрыклад, забудоўшчыкі павінны даслаць даныя за 2026 год да 1 красавіка 2027-га.