22 чэрвеня 2026, панядзелак, 13:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вольфовіч: Удар па аўтобусе з дзецьмі быў спробай сутыкнуць Беларусь з Украінай

14
Вольфовіч: Удар па аўтобусе з дзецьмі быў спробай сутыкнуць Беларусь з Украінай
Аляксандр Вольфовіч
Фота: БелТА

Сакратар лукашэнкаўскага Саўбеза зрабіў нечаканую заяву.

Удар па аўтобусе з беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласці мог быць спробай «сутыкнуць Беларусь з Украінай, справакаваць нейкую непрыемную сітуацыю». Пра гэта заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вольфовіч, перадае БелТА. Аднак ён не ўдакладніў, каго лічыць датычнымі да атакі.

Выступаючы перад журналістамі пасля цырымоніі ўскладання кветак на плошчы Перамогі ў Мінску 22 чэрвеня, Вольфовіч нагадаў пра інцыдэнт, што адбыўся мінулага тыдня з аўтобусам у Бранскай вобласці, у якім знаходзіліся беларускія дзеці.

«Не істотна, чый гэта аўтобус — беларускі, расійскі або якойсьці іншай дзяржавы. Гэта аўтобус з мірнымі жыхарамі. Але той, хто нанёс гэты ўдар, спрабаваў стварыць падставу для таго, каб сутыкнуць Беларусь з Украінай, справакаваць нейкую непрыемную сітуацыю», — заявіў ён.

Паводле дзяржсакратара Савета бяспекі, расследаванне абставін здарэння працягваецца па даручэнні Лукашэнкі.

«Нашы спецслужбы, Следчы камітэт праводзяць самае дбайнае расследаванне. Усе факты будуць прааналізаваныя. Ужо дапытаныя ўсе сведкі і тыя, хто быў у аўтобусе. Ужо ёсць пэўныя, скажам так, моманты, пра якія будзе дакладзена кіраўніку дзяржавы», — сказаў Вольфовіч.

Ён дадаў, што па выніках расследавання «рашэнне будзе прынята», аднак намякнуў, што жорсткіх мер не будзе:

«Уцягнуць Беларусь у канфлікт не атрымаецца. Мы за мір, разважлівасць, за вырашэнне ўсіх пытанняў дыпламатычным шляхам».

Нагадаем, трагедыя адбылася раніцай 17 чэрвеня каля вёскі Рудня, недалёка ад горада Почэп у Бранскай вобласці РФ — гэта за 45 км ад мяжы з Украінай. Як заяўляюць расійскія афіцыйныя органы, дрон трапіў у аўтобус. У ім ехалі 43 пасажыры. Пацярпелі шэсць чалавек; загінула цяжарная жанчына — жонка трэнера Рэчыцкай ДЮСШ-2.

СК РФ і Беларусі ўзбудзілі крымінальныя справы (у Расіі — аб тэракце). У МЗС Беларусі, сярод іншага, заявілі пра «безумоўную забарону выезду беларусаў у зоны канфліктаў, баявых дзеянняў і сумежныя з імі рэгіёны».

Позна ўвечары 17 чэрвеня беларускія дзеці вярнуліся дадому ў Рэчыцу. Раніцай 18 чэрвеня ў Беларусь на хуткіх даставілі і шасцярых пацярпелых.

У Генеральным штабе Украіны адмаўляюць сваю датычнасць да ўдару па аўтобусе, падкрэсліваючы, што «ў пазначаны перыяд Сілы абароны Украіны не прымянялі беспілотныя лятальныя апараты па цэлях на тэрыторыі Бранскай вобласці».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі таксама заявіў пра недатычнасць украінскага боку, спаслаўшыся на высновы міжнародных экспертаў. Ён выказаў упэўненасць, што гэты інцыдэнт быў правакацыяй расійскага боку з мэтай уцягнуць беларусаў у вайну.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках