Пажыццёвае замест «Кіева за тры дні»: генерал РФ атрымаў прысуд
7- 2.06.2026, 19:00
- 6,690
Аляксандр Лапін кіраваў наступам расійскіх войскаў на Кіеў, Чарнігаўскую і Сумскую вобласці.
Генерал-палкоўнік Узброеных Сіл Расіі, былы камандуючы Цэнтральнай ваеннай акругай РФ Аляксандр Лапін, які кіраваў наступам расійскіх войскаў на Кіеў, Чарнігаўскую і Сумскую вобласці, прысуджаны да пажыццёвага пазбаўлення волі. Пра гэта 2 чэрвеня ў Facebook паведаміў генеральны пракурор Руслан Краўчэнка.
Пракуроры даказалі: у лютым – сакавіку 2022 года гэты генерал не быў фармальным камандзірам «на паперы». Ён непасрэдна арганізоўваў уварванне, планаваў і каардынаваў дзеянні падпарадкаваных падраздзяленняў, аддаваў загады і забяспечваў працяг баявых дзеянняў супраць Украіны.
Паводле звестак пракуратуры, пад ягоным камандаваннем расійскія войскі акупавалі населеныя пункты Чарнігаўскай і Сумскай абласцей і прасоўваліся да Кіева па левым беразе Дняпра. Іх мэтай быў захоп украінскай сталіцы, органаў дзяржаўнай улады і ваеннага кіравання, а таксама ўстанаўленне акупацыйнага кантролю. Як адзначыў Краўчэнка, Лапін «хацеў узяць Кіеў за тры дні».
«Суд прызнаў яго вінаватым у замаху на тэрытарыяльную цэласнасць і недатыкальнасць Украіны, а таксама ў планаванні, падрыхтоўцы, развязванні і вядзенні агрэсіўнай вайны», – адзначыў Краўчэнка.
Паколькі Лапін хаваецца ў РФ, суд вынес прысуд завочна. Тэрмін адбывання пакарання пачнецца з моманту яго фактычнага затрымання, зазначыў генпракурор.