Расіян вербуюць на вайну вакансіямі «у тыле СВА» у Беларусі
1- 2.06.2026, 20:03
- 1,620
Расследаванне.
Вербоўка жыхароў Расіі на вайну супраць Украіны адбываецца ўсё больш вытанчанымі шляхамі — на новыя спосабы заваблівання расіян на фронт звярнула ўвагу выданне «Верстка» у публікацыі ў аўторак, 2 чэрвеня. Яно выявіла на расійскім сэрвісе «Авито» аб'явы, у якіх прапануюць заключыць кантракт на службу «у тыле СВА» у Беларусі або Кітаі.
«Ніякіх камандзіровак у «гарачыя кропкі» і на лініі баявога судакранання. Чаму Беларусь: стабільная абстаноўка, развітая інфраструктура, блізкасць да дому для многіх грамадзян. Служба праходзіць на тэрыторыі саюзнай дзяржавы з усімі гарантыямі і выплатамі ад Мінабароны РФ», — прыводзіць «Верстка» тэкст аднаго з падобных аб'яваў.
Паводле яе падлікаў, у маі 2026 года — ва ўмовах падзення тэмпаў набору кантрактнікаў — на «Авито» было размешчана каля 50 такіх «вакансій» ад наймальнікаў, што называюць сябе «Военная Доблесть», «Путь к Победе», «Рубеж - Родины СВО», «Служба с достоинством», «Верный путь» і «Армейский путь». Усе яны зарэгістраваліся на гэтай платформе з сакавіка па снежань 2025 года, адзначае «Верстка».
Абяцаюць заробкі да 260 тысяч рублёў, спісанне даўгоў і вялікія «пад'ёмныя»
У аб'явах, якія амаль даслоўна і па афармленні паўтараюць адна адну, шукаюць людзей любога грамадзянства, у тым ліку «старэйшых за 45 гадоў» і пенсіянераў, «з парушэннямі здароўя» (аж да «часова непрыдатных»), без досведу і вайсковага білета, але з пагашанай судзімасцю або ўмовным тэрмінам. Найперш ім прапануюць стаць ахоўнікамі «складаў тылу» ў Беларусі, супрацоўнікамі «на вытворчасці боепрыпасаў» у Кітаі, а таксама зборшчыкамі, тэхнікамі і тэставальнікамі БПЛА.
Акрамя таго, прадугледжаныя аднаразовыя выплаты за «працаўладкаванне» — ад 2,3 млн да 3,1 млн рублёў, а таксама 10 млн рублёў «пад'ёмных» без удакладнення падрабязнасцей, спісанне даўгоў аж да такой жа сумы і «льготы сям'і», піша «Верстка». Аплату праезду «да месца службы», пражыванне ў казармах, харчаванне і экіпіроўку «наймальнік» бярэ на сябе.
Паводле звестак выдання The Moscow Times, у першым квартале 2026 года кантрактнікамі і добраахвотнікамі ў расійскія войскі запісаліся каля 70 з паловай тысяч расіян. Сярэднядзённыя тэмпы набору ўпалі да 800 чалавек у дзень, што стала самым нізкім паказчыкам з першага квартала 2024 года. У параўнанні з аналагічным перыядам 2025 года гэты паказчык скараціўся на 20 працэнтаў, а адносна апошніх месяцаў мінулага года — больш чым на 40%.