Дзесяць гадоў таму беларусы перасталі быць мільянерамі
2- 2.06.2026, 18:26
- 1,348
Што сталася з цэнамі за гэты час.
Амаль дзесяць гадоў таму быў апошні месяц, калі беларусы былі мільянерамі. У ліпені 2016 года адбылася дэнамінацыя — у эканоміку ўвялі новыя грошы, адрэзаўшы чатыры нулі. «Зеркало» паглядзела, як за гэты час змяніліся цэны на прадукты.
Дэнамінацыя — гэта працэс, у выніку якога змяняюць намінал грошай. Частa гэта называюць «адразаннем» нулёў. Як правіла, для гэтага ўводзяць у зварот новыя банкноты.
Шмат якія прадукты падаражэлі ўдвая і больш
Актуальныя цэны на прадукты журналісты паглядзелі ў «Едоставке», а «архіўныя» — у буклетах «Еўраопта» з 23 мая да 6 чэрвеня 2016-га, а таксама ў канцы ліпеня таго года (кошт бралі без уліку тагачасных зніжак).
Напрыклад, кава молатая Lavazza crema e gusto напрыканцы мая 2016 года без дысконту каштавала 11,99 рубля. Цяпер у «Едоставке» яе прадаюць за 26,36 рубля.
Эквадорскія бананы 10 гадоў таму можна было купіць за 2,65 рубля за кілаграм, цяпер — 4,99. Цукар «Гарадзейскі» падаражэў з 1,59 рубля ў ліпені 2016-га да цяперашніх 2,79 рубля.
Амаль у 2,4 раза павялічыўся кошт сметанковага масла «Здравушка». Калі дзесяць гадоў таму яго можна было ўзяць за 1,99 рубля, дык цяпер — за 4,69 рубля.

Турэцкія памідоры на пачатку чэрвеня 2016-га прадавалі за 2,31 рубля. Цяпер у наяўнасці толькі беларускія, цэны на іх — ад 9,17 да 20,61 рубля.
Паўлітра аліўкавага алею Fabio Ferelli цяпер прадаюць за 26,99 рубля. Амаль дзесяць гадоў таму, у ліпені 2016-га, яно каштавала 9,99 рубля — у 2,7 раза танней.
Маянэз «Залатая кропля» «Правансаль Гарадскі» 50% прапануюць па 3,29 рубля за 400 грамаў, у 2016-м 450 грамаў каштавалі 1,69 рубля.
Шакаладны батончык Snickers Super расійскай вытворчасці падаражэў утрая: з 1,39 да 4,34 рубля, акрамя таго, ён «пахудзеў» з 95 да 80 грамаў.

Што з цэнамі на іншыя тавары
Адчувальна падаражэлі не толькі прадукты, але і іншыя тавары. Напрыклад, парашок для мыцця Tide Color (3 кг) падаражэў удвая — з 10,55 да 21,15 рубля.
Зубная паста Colgate «Патройнае дзеянне» (100 мл) каштавала 1,99 рубля, а цяпер — 6,23 рубля.
Як змяніліся заробкі і якой была афіцыйная інфляцыя
У красавіку 2016 года беларусы ў сярэднім па краіне ў перакладзе на сучасныя грошы зараблялі 708,6 рубля, у тым жа месяцы 2026-га — 2952,9 рубля (за май даных пакуль няма). Рост — амаль у 4,2 раза.
Пры гэтым інфляцыя, паводле афіцыйных даных, за той жа час склала 95%, то-бок тавары і паслугі падаражэлі амаль удвая.