«Ядзерны шчыт»: ЗША могуць прыняць нечаканае рашэнне ў дачыненні да Еўропы
1- 2.06.2026, 8:16
- 3,994
Вядуцца перамовы з шэрагам саюзнікаў Вашынгтона.
У ЗША разглядаюць магчымасць пашырэння прысутнасці ядзернай зброі ў Еўропе, размясціўшы яе ў большай колькасці краін НАТА. Як паведамляе Financial Times, такія абмеркаванні вядуцца дзеля пацвярджэння саюзнікам надзейнасці амерыканскіх гарантый бяспекі на фоне скарачэння падтрымкі ў сферы звычайных узбраенняў.
Паводле звестак крыніц выдання, амерыканскія чыноўнікі гатовыя абмяркоўваць размяшчэнне адпаведнай інфраструктуры па-за межамі дзяржаў, дзе ўжо знаходзяцца носьбіты ядзернай зброі ЗША. Гэта можа дазволіць большай колькасці краін прымаць на сваёй тэрыторыі самалёты падвойнага прызначэння (DCA), здольныя выконваць як звычайныя, так і ядзерныя місіі.
Суразмоўцы FT адзначаюць, што такія кансультацыі павінны прадэманстраваць прыхільнасць Вашынгтона ядзернаму стрымліванню, нават нягледзячы на заклікі да еўрапейскіх саюзнікаў узяць на сябе больш адказнасці за ўласную абарону.
Перамовы адбываюцца ў закрытым рэжыме і пакуль не азначаюць абавязковага перагляду існых пагадненняў аб сумесным выкарыстанні ядзернай зброі. Разам з тым яны сталі рэакцыяй на занепакоенасць еўрапейскіх краін магчымым скарачэннем амерыканскай ваеннай прысутнасці на кантыненце.
Паводле інфармацыі выдання, найбольшы інтарэс да гэтай ініцыятывы праяўляюць дзяржавы ўсходняга флангу НАТА, перадусім Польшча і краіны Балтыі. Абмеркаванні працягваюцца ў межах альянсу, а польскія ўлады раней ужо публічна заяўлялі пра гатоўнасць размясціць на сваёй тэрыторыі амерыканскую ядзерную зброю.