10 чэрвеня 2026, Серада, 21:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Расіянам давядзецца ўцякаць з Крыму, як з Херсона»

12
«Расіянам давядзецца ўцякаць з Крыму, як з Херсона»
Тарас Загародні

Эксперт распавёў, як ЗСУ могуць ператварыць акупаваны паўвостраў у пастку для арміі РФ.

Пасля удараў па Чонгару і атак на лагістыку РФ Крым усё бліжэй да блакады. На паўвостраве ўжо кажуць пра перабоі з палівам і паніку сярод насельніцтва.

Што будзе з акупаваным Крымам, калі ЗСУ перакроюць усе шляхі забеспячэння, уключаючы Керчанскі мост?

Па каментар сайт Charter97.org звярнуўся да ўкраінскага паліттэхнолага, кіруючага партнёра «Нацыянальнай антыкрызіснай групы» Тараса Загародняга:

— Усё залежыць ад планаў камандавання ЗСУ, таму што ў дадзеным выпадку для Украіны галоўная задача — выбіць войскі з Херсонскай і Запарожскай абласцей, каб кантраляваць узбярэжжа. Таму галоўнае, каб у акупантаў не было магчымасці супраціўляцца ўкраінскім войскам.

Крым — гэта хаб, які падтрымлівае гэтую групоўку акупантаў. Думаю, Крым трэба яшчэ трошкі «памарынаваць», каб у расійскіх вайскоўцаў увогуле не было ніякага энтузіязму. Яны павінны разумець, што ім усё роўна давядзецца ўцякаць з Крыму ў першую чаргу, як гэта было на правым беразе Херсонскай вобласці у 2022 годзе, калі быў перабіты Антонаўскі мост, і расіяне былі вымушаныя адтуль сыходзіць.

У Крыме стане немагчыма забяспечваць велізарную групоўку. Немагчыма трымаць войска, калі іх няма чым забяспечваць. Там жа элементарныя рэчы: напрыклад, няма вады, гэта стэп. Патрэбна мінімум па тры літры вады на чалавека. Далей лічыцца, колькі літраў у дзень трэба, каб забяспечыць, напрыклад, 10 тысяч чалавек. Потым лічыцца, колькі ежы трэба завезці. А калі паліва няма, то ўзнікае яшчэ шмат іншых праблем.

Таму я думаю, што ўсё ж прыярытэтам з’яўляюцца Херсонская і Запарожская вобласці. А далей — як атрымаецца. Бо рызыкоўна было б праводзіць нейкія дэсантныя аперацыі ў Крыме: для гэтага трэба вельмі шмат людзей. Другое: калі ты пачынаеш кантраляваць Крым, то расіяне могуць вельмі лёгка яго бамбіць. Значыць, трэба разгортваць там новую сістэму ППА і многае іншае. Там вельмі шмат такіх ваенных нюансаў.

— Ці можа недахоп паліва і прадуктаў выклікаць пратэсты або так званыя «галодныя бунты» супраць акупацыйных уладаў?

— Гэта магчыма. Але ці будуць гэта нейкія пратэсты — я пакуль сумняваюся. Усё ж такі рэпрэсіўны апарат у акупантаў даволі моцны, яны могуць іх падавіць.

Я думаю, што гэта больш будзе дэмаралізаваць войскі, якія там знаходзяцца, і фэсбэшнікаў, якія будуць разумець, што ўсё. Калі акупацыйная ўлада ўцячэ, тады, напэўна, нешта будзе. А пакуль я не думаю, што пачнуцца нейкія бунты.

— Што яшчэ павінны зрабіць ЗСУ, каб знаходжанне расійскіх войскаў у Крыме стала для Масквы занадта дарагім і рызыкоўным?

— Дастаткова цалкам перабіць лагістыку на гэтым этапе і далей біць па важных для акупантаў аб’ектах. Мы ўжо бачым першыя крокі ў гэтым напрамку.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках