Серэна Уільямс вяртаецца ў прафесійны тэніс
3- 1.06.2026, 18:38
Праз чатыры гады пасля завяршэння кар'еры.
Адна з найлепшых тэнісістак усіх часоў Серэна Уільямс вырашыла аднавіць прафесійную кар'еру.
44‑гадовая амерыканка атрымала ўайлд-кард у парны разрад траўянага турніру Queen’s Club Championships у Лондане, які адбудзецца перад Уімблдонам, паведамляе The Athletic. Уільямс выступіць у дуэце з канадскай тэнісісткай Вікторыяй Мбоко, дзявятай ракеткай свету ў адзіночным разрадзе.
«Queen’s Club здаецца ідэальным месцам для пачатку гэтага новага раздзела. Менавіта на травяным пакрыцці я перажыла адны з найважнейшых момантаў сваёй кар'еры, і я рада зноў спаборнічаць на адной з самых знакавых пляцовак тэніса», — заявіла Уільямс.
Турнір катэгорыі WTA 500 у Лондане стартуе 8 чэрвеня. Пакуль невядома, ці плануе Серэна выступіць на Уімблдоне‑2026, які пачнецца 29 чэрвеня.
Нагадаем, Уільямс правяла апошні матч у кар'еры на US Open 2022. Пасля гэтага амерыканка некалькі разоў намякала на магчымае вяртанне ў тэніс.
За кар'еру Серэна выйграла 23 турніры Вялікага шлема ў адзіночным разрадзе (другі вынік у гісторыі сярод жанчын), а таксама 14 турніраў Вялікага шлема ў парным разрадзе. Чатыры разы станавілася алімпійскай чэмпіёнкай (тройчы ў пары, адзін раз у адзіночным разрадзе). Пяць разоў заканчвала год у статусе лідаркі сусветнага рэйтынгу.
Дададзім, што кар'еру дагэтуль працягвае старэйшая сястра Серэны, 45‑гадовая Вінус Уільямс. Апошні раз яна выступала ў красавіку на турніры ў Мадрыдзе.