На дне Міжземнага мора знайшлі «капсулу часу» XVI стагоддзя
1- 9.05.2026, 15:04
- 1,874
Затонулы карабель даследуюць з дапамогай падводных робатаў.
Навукоўцы даследуюць гандлёвае судна, якое затанула ля паўднёва-ўсходняга ўзбярэжжа Францыі, узрост якога складае не менш за 400 гадоў. Карабель ляжыць на глыбіні больш за 2,4 кіламетра, што робіць яго самым глыбакаводным з вядомых затанулых суднаў у тэрытарыяльных водах краіны, піша
Карабель, які даследчыкі назвалі Camarat 4, быў загружаны гарматамі, катламі і сотнямі керамічных вырабаў — талерак і збаноў — якія і цяпер можна ўбачыць на марскім дне. Навукоўцы праводзяць абследаванне месца затанання з дапамогай падводнага робата і асцярожна падымаюць невялікую частку артэфактаў.


Спуск на дно дыстанцыйна кіраванага робата — адзінага ў Францыі, здольнага працаваць на такой вялікай глыбіні, — заняў гадзіну. На працягу наступных гадзін яго камеры рабілі восем здымкаў у секунду, стварыўшы 66 974 выявы, якія потым былі аб’яднаны для аднаўлення 3D-мадэлі абломкаў.

Празрыстая вада дазволіла даследчыкам выявіць шэсць гармат, два катлы і якар. Груз сярэднявечных гандляроў складаўся пераважна з керамікі, упрыгожанай складанымі арнаментамі. На некаторых вырабах былі літары IHS — першыя тры літары імя Ісуса Хрыста па-грэцку або па-лацінску.
Навукоўцы дыстанцыйна кіравалі маніпулятарамі робата, каб асцярожна захопліваць артэфакты і дастаўляць іх на паверхню. Даследчыкам удалося паспяхова падняць тры збаны і талерку. Адзін з гэтых збаноў аказаўся акруглай пасудзінай, упрыгожанай цёмна-сінімі лініямі і жоўтымі геаметрычнымі ўзорамі.
«Гэта сапраўдная капсула часу. Складаецца ўражанне, нібыта на гэтым караблі час спыніўся», — дзеліцца галоўная археолаг экспедыцыі Марын Саданія.

Дзякуючы глыбіні судна захавалася ад усіх відаў разбурэнняў, а таксама ад рабавання. У той жа час да абломкаў карабля трапіла сучаснае смецце — у прыватнасці, піўныя банкі, пластыкавыя бутэлькі, рыбалоўныя сеткі і ёмістасці з-пад ёгурту.
Дакладнае месцазнаходжанне карабля пакуль застаецца ў таямніцы. Навукаўцы называюць судна ўнікальным для даследаванняў.