Дзясяткі выбухаў у Валгаградзе: гарыць стратэгічны НПЗ
10- 29.05.2026, 7:55
- 20,008
Расійскі горад масіравана атакавалі дроны.
У ноч на 29 мая ў расійскім горадзе Валгаград прагрымела не менш як 20 выбухаў на фоне масіраванай атакі беспілотнікаў. Расіяне скардзяцца, што ад выбухаў у аўтамабілях спрацоўвала сігналізацыя, піша «Фокус».
Пасля шэрагу ўдараў у Валгаградзе ўзняўся моцны пажар у раёне прамысловай зоны. Аналітыкі OSINT паведамляюць, што пад атакай беспілотнікаў апынуўся мясцовы нафтаперапрацоўчы завод (НПЗ).
Гаворка ідзе пра завод «Лукойл-Волгограднефтепереработка», які з'яўляецца адным з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводаў Расіі. Прадпрыемства ўваходзіць у структуру «Лукойл» і мае стратэгічнае значэнне для рынку паліва РФ.
Завод перапрацоўвае дзесяткі мільёнаў тон нафты на год і вырабляе бензін, дызельнае паліва, авіяцыйнае паліва і іншыя нафтапрадукты. Частка прадукцыі выкарыстоўваецца для забеспячэння расійскай арміі і ваеннай лагістыкі. З-за свайго значэння для энергетыкі і абароннага сектара РФ аб'ект неаднаразова згадваўся сярод патэнцыйных цэляў атак дронаў.
«Валгаград. Верагодна, пад атакай НПЗ», — пішуць аглядальнікі.
У сеціве тым часам распаўсюдзілі шматлікія кадры атакі на Валгаград. На відэароліках і фатаграфіях відаць зарэва ў небе і пажар, што ўспыхнуў пасля выбухаў у горадзе.
Тым часам расійскія паблікі пішуць, што выбухаў на фоне атакі было не менш як 20, і яны працягвалі раздавацца з 00:11 гадзін. Больш за ўсё выбухаў было чуваць у цэнтральнай і паўднёвай частцы горада. Расіяне скардзяцца на яркія ўспышкі ў небе, а таксама сцвярджаюць, што ад выбухаў у аўтамабілях масава спрацоўвала сігналізацыя.
Губернатар рэгіёна Андрэй Бачароў паведаміў, што дроны нібыта масіравана атакуюць энергетычную і грамадзянскую інфраструктуру Валгаградскай вобласці. Паводле яго слоў, у выніку атакі пашкоджаны шматкватэрны жылы дом.
«Пашкоджаны шматкватэрны дом, пацярпелых і пажараў няма», — заявіў Бачароў.