The Telegraph: Украіна прымусіла РФ змяніць тактыку, якой тая ваявала стагоддзямі
2- 2.05.2026, 8:32
- 5,258
Новы падыход не прынёс расіянам поспеху.
Узброеныя сілы РФ амаль цалкам адмовіліся ад тактыкі так званых «мясных штурмаў», спрабуючы знясіліць украінскую абарону колькаснай перавагай. Замест гэтага расіяне ўсё часцей выкарыстоўваюць малыя дыверсійна-штурмавыя групы па двое–чацвёра вайскоўцаў, якія спрабуюць незаўважна прасочвацца праз пазіцыі ЗСУ.
З пачатку паўнамаштабнага ўварвання расійская армія страціла каля 1,3 млн вайскоўцаў, з якіх прыблізна 325 тысяч — загінулыя, піша The Telegraph.
Журналісты адзначылі, што развіццё тэхналогій істотна змяніла поле бою. Беспілотнікі пастаянна патрулююць лінію фронту і хутка выяўляюць вялікія скупчэнні войскаў, а сістэмы радыёэлектроннай барацьбы ўскладняюць каардынацыю атак. У матэрыяле гаворыцца, што з-за гэтага традыцыйныя «чалавечыя хвалі» сталі менш эфектыўнымі.
Аналітык Праграмы Расіі і Еўразіі брытанскага аналітычнага цэнтра Chatham House Кір Джайлз патлумачыў, што новая расійская тактыка з'яўляецца рэакцыяй на так званае «празрыстае поле бою», дзе любыя перамяшчэнні хутка заўважаюцца з дапамогай сучасных тэхналогій.
«Замест вялікіх груп расійскіх салдат, якія рухаюцца наперад па адкрытай мясцовасці як «губкі для куль», цяперашняя тактыка прадугледжвае павольнае схаванае пранікненне праз прабелы ў ўкраінскіх пазіцыях на лініі фронту», — патлумачыў Джайлз.
Паводле даных Амерыканскага інстытута вывучэння вайны, напрыканцы красавіка расійскія атакі ў асноўным ажыццяўляліся сіламі ўзвода або нават меншымі групамі. У той жа час аналітыкі Critical Threats Project паведамлялі, што такія малыя групы расіян украінскія сілы часта выяўляюць і паражаюць, аднак поўнасцю спыніць іх прасоўванне бывае складана.
Старшы аналітык Украінскага цэнтра бяспекі і супрацоўніцтва Антон Зямляны распавёў, што аснову новай тактыкі складаюць невялікія пяхотныя групы, якія дзейнічаюць парамі або малымі камандамі. Каардынацыя адбываецца праз камандзіраў штурмавых груп, якія падтрымліваюць сувязь з камандаваннем роты або батальёна.
Па яго словах, расійскія камандныя пункты актыўна выкарыстоўваюць дроны для карэкціроўкі дзеянняў такіх груп і перадачы інфармацыі пра перамяшчэнне ўкраінскіх войскаў.
«Гэтыя невялікія групы стараюцца пазбягаць прамога бою і замест гэтага абыходзяць украінскія ўмацаванні, пранікаючы глыбей у абарончыя лініі», — адзначыў Зямляны.
Аўтары матэрыялу падкрэслілі, што пасля прасочвання паміж украінскімі пазіцыямі гэтыя групы замацоўваюцца ў закінутых будынках, пасадках або варонках ад снарадаў і чакаюць падмацавання. Мэта такіх дзеянняў — не імгненны штурм, а стварэнне пагрозы ўкраінскім пазіцыям з нечаканых напрамкаў.
Праўда, нават новы падыход не гарантуе расіянам поспеху. Паводле слоў Зямлянага, жывучасць такіх груп застаецца нізкай.
«Нават калі асобным байцам удаецца прасочыцца, іх звычайна выяўляюць і знішчаюць беспілотнікі або ліквідуюць украінскія падраздзяленні. Прарваць абарону такімі групамі немагчыма. Магчыма толькі павольнае, паўзучае наступленне, што прыводзіць да вельмі абмежаваных тэрытарыяльных дасягненняў коштам вялікіх страт на квадратны кіламетр», — падкрэсліў Зямляны.