На Міншчыне заўважылі смерч у зоне актыўнай суперячэйкі
1- 19.05.2026, 19:49
- 1,222
Відэафакт.
У Лагойскім раёне на Міншчыне ўвечары 18 мая заўважылі смерч у зоне актыўнай суперячэйкі. Telegram-канал «Метеовайб» апублікаваў відэа са з’явай.
Невялікі смерч прайшоў каля вёскі Грыневічы. Спецыялісты патлумачылі, што ён утварыўся з-за моцных зрухаў ветру і высокай вільготнасці ў прыземным слоі.
Смерчы ў Беларусі здараюцца рэдка, але рэгулярна фіксуюцца. Паводле даных Белгідрамета, за апошнія больш як 30 гадоў іх назіралі 11 разоў, часцей за ўсё — у 1990-я гады. Большасць такіх смерчаў адносілі да слабых або ўмераных — 1–2 класаў па шкале Фудзіты.
У больш шырокай ацэнцы Белгідрамет паведамляе прыблізна пра 30 смерчаў за ўвесь перыяд метэаназіранняў у краіне. Весці дакладную статыстыку складана: смерч можа прайсці міма метэастанцый, а многія выпадкі становяцца вядомыя толькі па паведамленнях відавочцаў, фота і відэа, перадавала агенцтва БелТА.
Найчасцей смерчы фіксавалі ў Гомельскай, Віцебскай і Мінскай абласцях. Сіноптыкі адносяць іх да небяспечных лакальных з’яў цёплага сезона: звычайна яны ўзнікаюць на фоне навальніц, ліўняў, шквалаў і граду.