24 траўня 2026, Нядзеля, 3:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ведаем галоўных утрыманцаў»: беларусы адказалі Лукашэнку

22
«Ведаем галоўных утрыманцаў»: беларусы адказалі Лукашэнку

Дыктатару нагадалі, што ён стаў проста генератарам мемаў.

«Улады разбалавалі сваіх людзей» — так сказаў Лукашэнка на нядаўняй нарадзе па сацыяльна-эканамічным развіцці, дадаўшы, што сярод беларусаў «развіта ўтрыманства». «Салідарнасць» спытала ў суайчыннікаў унутры краіны, што яны пра гэта думаюць. Усе імёны суразмоўцаў зменены.

Дзмітрый, 43 гады

— Я раблю канкрэтную працу і на гэтым зарабляю. З маёй зарплаты ўтрымліваюцца падаткі. Дык які ж я ўтрыманец? Што да розных льгот і іншага — ну, няхай скасуюць тую ж бясплатную медыцыну (праўда, яе складана назваць сапраўды бясплатнай), але няхай дадуць людзям годную зарплату, і мы будзем атрымліваць якасныя паслугі за ўласныя грошы.

Пра тое, што нас нібыта разбалавалі, — не ведаю, здаецца, наадварот, усё толькі ўзмацняецца. Ніякіх паслабленняў у краіне няма. Нават пачалі рабіць акцэнт на законах, якія заўсёды былі, але на іх не надта звярталі ўвагу: сарваў бэз, не там кінуў акурак — штраф. У чарговы раз нагадваюць, што расслабляцца тут нельга.

Дык я не ведаю, хто і чым нас балуе. Нават у эканамічным плане. У мяне добрая зарплата, але 35% яе ідзе на аплату крэдыту за жыллё. У выніку застаецца толькі на прадукты і часам на абнаўленне гардэроба.

Я нічога не адкладаю ў скарбонку: наадварот, апошнім часам толькі бяру з яе.

Эмма, 29 гадоў

— Мы з мужам абодва афіцыйна працуем, плацім падаткі, таму пра ўтрыманства і гаворкі быць не можа. Улады лічаць, што робяць многае і «балуюць» нас. Але вось мае назіранні.

Мы плацім за інтэрнэт немалыя грошы, але апошнім часам ён амаль не ловіць. Даражэе і квартплата — цяпер плацім ужо 78 рублёў за аднапакаёўку.

Далей. Да нас прывозяць артыстаў і робяць мерапрыемствы, якія цікавяць малы працэнт насельніцтва. У тэатрах — ваенныя пастаноўкі. Дзве траціны гледачоў — гэта сувораўцы, вайскоўцы і навучэнцы, якіх прывезлі на аўтобусах. Айчыннае кіно настолькі нецікавае, што на яго прымушаюць ісці студэнтаў, каб хоць неяк адбіць кошт фільма.

Месцамі пакутуе якасць дарог. Едзем па платнай, але большая частка — не асфальт, а бетонавыя пліты, што не вельмі зручна. Лепш, вядома, чым па ямах, але ўсё ж.

Бабуля з дзядулем жывуць у вёсцы, у якой няма крамы, а аўталавка да іх не даязджае, бо яны жывуць на ўзвышшы. Вадзіцель кажа: «Не паеду, бо галіны падрапаюць машыну». Мы спрабавалі неяк вырашыць пытанне, тэлефанавалі ў сельсавет, але толку нуль.

І напрыканцы скажу пра нашу «бясплатную» медыцыну. Я практычна перастала хадзіць у паліклініку, бо талоны да вузкіх спецыялістаў і на розныя абследаванні трэба чакаць вельмі доўга. Хажу ў прыватны цэнтр — і хутчэй, і не трэба накіраванне, і стаўленне зусім іншае.

Таццяна, 53 гады

— Мы плацім падаткі, ПДВ у кожным тавары, акцызы. Таму ніякага ўтрыманства абсалютна няма. За медыцыну людзі часта плацяць. У мінулым годзе рабіла чэк-ап платна. Але сёлета вырашыла «стукнуць нагой» — і мне раптам далі ўсе накіраванні — і на УГД, і да лекараў.

Улады парой разлічваюць на неабазнаных людзей, якія не разбіраюцца ў эканоміцы і не ведаюць, колькі падаткаў утрымліваецца з іх заробку. Насамрэч усё бясконца даражэе, і мы за гэта плацім.

Праезд субсидуецца, так. Але калі зімой стаялі жудасныя маразы, у аўтобусах не было ацяплення. Памятаю, еду 40 хвілін, мерзну, падыходжу да вадзіцеля, пытаюся: «Чаму не ўключаеце абагравальнік?». А ён адказвае: «Усе пытанні да МАЗа, я сам у зімовым адзенні езджу».

Зараз, калі пачаліся гарачыя дні, не працуе кандыцыянер. Плюс вялікі інтэрвал паміж аўтобусамі, а часам ён і ўвогуле можа не прыйсці. Некалькі разоў званіла на гарачую лінію, мне адказвалі: «Зламаўся».

Таму ніякага ўтрыманства. А самыя галоўныя ўтрыманцы — вы ведаеце, хто. Тыя, што ўявілі сябе князямі, судзячы па майскіх відовішчах у суседняй дзяржаве. Проста агідна.

Сцяпан, 27 гадоў

— На словы Лукашэнкі ўжо ніхто не звяртае ўвагі, гэта нейкі генератар мемаў. Калі так задумацца, у нас увогуле няма нічога бясплатнага. У школе, памятаю, пастаянна былі нейкія зборы: то на рамонт, то яшчэ на штосьці. Цяпер нават бясплатнай медыцынай не карыстаюся: у мяне страхоўка ў прыватны медцэнтр ад кампаніі, у якой я працую.

Улады ў цэлым хочуць здзіраць з нас усё больш грошай, але пры гэтым нічога не даць узамен. Не памятаю, каб нешта дасталася мне бясплатна. Пры гэтым у нас сілавікі і вайскоўцы атрымліваюць прынамсі льготнае жыллё. А звычайныя людзі бяруць крэдыт пад высокія працэнты.

Дык што беларусаў дакладна не разбалавалі. Можа, гэта Лукашэнка пра сябе казаў — пра тое, як яго разбалавалі?

Лідзія, 35 гадоў

— Льготы ў нас ёсць, але яны або мізэрныя, або проста дзеля чырвонага слоўца. А ўсё бясплатнае — толькі ўмоўна бясплатнае.

Якасць адукацыі і медыцыны часта патрабуе даплат. Дапамогі не адпавядаюць выдаткам. Дэкрэтныя выплаты на першае дзіця не могуць пакрыць нават выдаткі на харчаванне, дапамогі па беспрацоўі — гэта наогул здзек.

Улады таксама хвалісяцца, што ў нас ёсць сацыяльная пенсія, надбаўкі за ўзрост. Але гэтыя сумы нават называць страшна: улічваючы цэны на лекі, добра, калі на дзве ўпакоўкі таблетак хопіць.

Шмат якія бальніцы, на жаль, у дрэнным стане. А калі казаць пра адукацыю, дык вельмі многае ў садках і школах купляецца за наш, бацькоўскі, кошт.

Думаю, калі дзяржава раздае льготы і патрабуе за гэта падзякі ад народа, яно стварае патэрналісцкую мадэль: «мы — бацькі, а вы — дзеці нясмышлёныя». Тады льгота ўспрымаецца не як права, а як ласка бацькі, за якую трэба быць удзячным, а не крытыкаваць.

Але падаткаплацельшчык не павінен дзякаваць за тое, што яму вярнулі частку яго ж грошай. Гэта мы працуем, плацім падаткі і напаўняем бюджэт, а льготы — не падарунак ад ліпавага цара, гэта інструмент змякчэння няроўнасці.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках