129-я брыгада Узброеных сіл Украіны цалкам вызваліла Атраднае
2- 15.05.2026, 9:47
- 8,270
Населены пункт у Харкаўскай вобласці зачышчаны ад акупантаў.
Сілы абароны Украіны ў выніку контратакі выбілі расійскіх акупантаў з населенага пункта Атраднае ў Харкаўскай вобласці і вярнулі яго пад свой поўны кантроль.
Пра гэта ў Facebook паведаміла 129-я асобная цяжкая механізаваная брыгада Узброеных сіл Украіны.

Паводле звестак 129-й АТМбр, для зачысткі вёскі Атраднае ў Двурэчанскім раёне Харкаўскай вобласці ад расійскіх акупантаў прыцягнулі штурмавыя падраздзяленні, аператараў БПЛА і артылерыю.
У выніку зладжаных дзеянняў украінскія байцы гэты населены пункт поўнасцю зачысцілі ад ворага і ўсталявалі над ім кантроль. Таксама ўсталявалі кантроль над прылеглай мясцовасцю.
Усяго ад акупантаў вызвалілі 22 квадратныя кіламетры Харкаўскай вобласці. Страты праціўніка склалі 56 чалавек.
Вёска Атраднае належыць да Паўднёва-Слабажанскага напрамку фронту. Паводле інфармацыі Генштаба Узброеных сіл Украіны, учора, 14 мая, на гэтым участку фронту расійскія акупанты 14 разоў штурмавалі пазіцыі Узброеных сіл Украіны. Украінскія байцы адбілі ўсе атакі. Баявыя дзеянні ішлі ў раёнах населеных пунктаў Волчанскія Хутары, Ліман, Старыца, а таксама ў бок Цярновага, Радзькоўкі і Ізбіцкага. На суседніх Паўночна-Слабажанскім і Курскім напрамках сітуацыя менш напружаная. Паводле даных Генштаба Узброеных сіл Украіны, 14 мая там расіяне тройчы атакавалі пазіцыі Узброеных сіл Украіны. Усе атакі ўкраінскія абаронцы адбілі.