У Мінску адбылася сур'ёзная аварыя з электрабусам
3- 12.05.2026, 21:40
- 12,998
Відавочцы паведамляюць пра вялікую колькасць пацярпелых.
У Мінску каля будынка №18 на вуліцы Акадэміка Купрэвіча адбылося сур'ёзнае ДТЗ з удзелам электрабуса і легкавай машыны. Паводле слоў відавочцаў, аварыя выглядае маштабнай: на месцы знаходзяцца некалькі машын хуткай дапамогі, якія вывозяць пацярпелых.
Судзячы па фотаздымках з месца аварыі, у ДТЗ удзельнічалі як мінімум адна легкавая машына і электрабус. У транспарту прыкметныя сур'ёзныя пашкоджанні, піша «Onliner».
— Renault ляцеў з боку Уручча з поўнай машынай пасажыраў. Выляцеў на сустрэчную паласу і амаль у лоб электрабусу 64-га маршруту, — распавёў відавочца.

Пры гэтым адзін з пасажыраў электрабуса распавёў, што ў салоне моцнай панікі не было, а сам удар аказаўся не такім моцным для пасажыраў.
— Электрабус ужо амаль заязджаў на дыспетчарскую станцыю, таму хуткасць была мінімальная. Пасажыраў у салоне амаль не было — акрамя мяне, яшчэ літаральна некалькі чалавек сядзелі. Я стаяў і глядзеў у тэлефон, у момант удару крыху ўдарыўся аб парэнчы, але нічога сур'ёзнага. Удар быў даволі мяккі. Я б сказаў, што для пасажыраў усё прайшло спакойна. Калі прыгледзецца да фотаздымкаў, бачна, што ўся пярэдняя частка электрабуса ў пене пасля спрацоўвання сістэм, — распавёў чытач.

Па звестках ДАІ Мінска, вадзіцель Renault не справіўся з кіраваннем і выехаў на сустрэчную паласу, дзе сутыкнуўся з электрабусам Vitovt. У выніку аварыі вадзіцель і трое пасажыраў легкавай машыны былі дастаўлены ў бальніцу для абследавання. Пасажырам электрабуса медыцынская дапамога не спатрэбілася.