Узброеныя сілы Украіны правялі ўнікальную аперацыю з брытанскімі дронамі Malloy T-150
- 7.04.2026, 22:15
- 1,718
Падрабязнасці.
Украінскія марскія пяхотынцы здзейснілі ўнікальную аперацыю, упершыню ў гісторыі войнаў знішчыўшы мост з дапамогай дронаў: яны выкарысталі брытанскія лагістычныя беспілотнікі Malloy T-150.
Пра гэта паведамляе The Telegraph.
Місія, якую выконваў 426-ы полк беспілотных сістэм марской пяхоты, цягнулася два месяцы. Раней гэты мост спрабавалі знішчыць авіяцыяй і ракетамі HIMARS, але канструкцыя аказалася занадта трывалай для удараў зверху.
«Мосты адносна лёгка разбурыць знізу. Але яны спраектаваныя такім чынам, што зверху з'яўляюцца надзвычай трывалымі», — патлумачыў выданню палкоўнік Аляксей Булахоў, камандзір палка.
Ключавую ролю ў прарыве адыграла неабачлівасць акупантаў. Украінскія вайскоўцы знайшлі ў сацыяльнай сетцы Instagram фота расійскага салдата пад апорамі моста. Гэта дазволіла інжынерам дэталёва вывучыць уразлівыя месцы канструкцыі знізу.
На працягу 60 дзён дроны Malloy T-150 здзейснілі 30 вылётаў, дастаўшы ўсяго 1,5 тоны выбухоўкі. 50-кілаграмовыя кумулятыўныя зарады апускалі на тросах дакладна ў слабыя зоны апор. Пасля шэрагу выбухаў фінальны ракетны ўдар канчаткова абрынуў збудаванне. Цяпер лагістыка РФ на астравах Дняпра залежыць ад чоўнаў, якія з'яўляюцца лёгкай цэллю для узброеных сіл Украіны.
Унікальнасць у тым, што беспілотнік Malloy T-150 — не баявая сістэма. Гэты беспілотнік, распрацаваны кампаніяй Malloy Aeronautics, прызначаўся перадусім для мірнага прымянення.
«Першапачаткова прыдуманы вынаходнікам новазеландскага паходжання Крысам Маллоям як лятучы матацыкл для выпасу жывёлы ў аўстралійскай глыбінцы, ён ператварыўся ў лагістычны беспілотнік, што перавозіць запасы вайскоўцам на перадавой», — піша выданне.
Malloy T-150 абралі для місіі, бо яго электрарухавік не пакідае цеплавога следу і працуе вельміціха, што дазволіла падлятаць да моста непрыкметна ўначы. Сам дрон мае абарону ад сродкаў РЭБ (глушэнне GPS). Але галоўнае — ён можа падымаць да 68 кг, што дазволіла выкарыстоўваць магутныя зарады.