Выкрадзеную ў Іраку амерыканскую журналістку вызвалілі
- 7.04.2026, 21:43
- 1,452
Шэллі Кітлсан выкралі ў Багдадзе 31 сакавіка.
Амерыканская журналістка Шэллі Кітлсан вызвалена праз тыдзень пасля выкрадання ў Багдадзе. Пра гэта паведамляюць амерыканскія СМІ са спасылкай на заяву праіранскай ваеннай групоўкі «Катаіб Хезболла», якую падазраюць у выкраданні. Прадстаўнік групоўкі заявіў у Telegram-канале, што Кітлсан вызвалілі пры ўмове неадкладнага ад'езду з Ірака. Дзе цяпер знаходзіцца журналістка, не паведамляецца.
Шэллі Кітлсан выкралі ў Багдадзе вечарам 31 сакавіка. Учора стала вядома, што яна жывая. На думку іракскіх і амерыканскіх спецслужбаў, жанчына знаходзілася ў горадзе Джурф-ас-Сахар прыблізна за 60 км ад Багдада. Горад лічыцца адным з аплотаў «Катаіб Хезболлы». Прадстаўнікі амерыканскіх спецслужбаў меркавалі, што журналістку ўтрымлівалі ў якасці своеасаблівага «жывога шчыта», каб прадухіліць амерыканскія ўдары па баевіках.