Орбан хоча сысці з пасады кіраўніка «Фідэс»
3- 30.04.2026, 11:42
- 1,570
Аднак аднапартыйцы не адпускаюць прэм’ера Венгрыі.
Прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан, які пакідае пасаду пасля паразы на выбарах, на пасяджэнні партыі «Фідэс» заявіў пра намер сысці і з пасады кіраўніка палітычнай сілы.
Пра гэта паведаміла венгерскае выданне Telex у аўторак, 28 красавіка.
Аднак у «Фідэс» заяву Орбана не ўхвалілі. Адзін з заснавальнікаў партыі Тамаш Дойч — шматгадовы паплечнік Орбана — заявіў, што ўсё вырашыцца на з’ездзе 13 чэрвеня. Паводле слоў Дойча, калі з’езд выкажа давер Віктару Орбану, той застанецца на чале «Фідэс».
Як адзначыў яшчэ адзін прадстаўнік «Фідэс» Эрык Банкі, на пасяджэнні 28 красавіка абмяркоўваліся прычыны, якія прывялі да паразы партыі на парламенцкіх выбарах. На пытанне, ці будзе на чэрвеньскім з’ездзе іншы кандыдат на кіраўнічую пасаду, акрамя Орбана, Банкі адказаў некалькі завуалявана — у прыватнасці, ён сказаў, што спачатку адбудзецца абнаўленне кіраўнічага складу ў мясцовых групах, а затым гэтыя групы выберуць дэлегатаў, якія змогуць вылучаць кандыдатаў на розныя пасады.