Час Лукашэнкі мінуў
6- Сяргей Кавальчук
- 30.04.2026, 10:21
- 4,776
Польшча і Літва жорстка адказваюць дыктатару.
Калі верыць словам Коўла, Лукашэнка спіць і бачыць Беларусь часткай еўрапейскай сям'і народаў. А якія санкцыі могуць быць паміж сваякамі?
Судзячы па ўсім, мы з вамі назіраем пераклад з «ябацькінскага» на нармальную мову фразы: зніміце санкцыі, бо яны нам гэтак дапамагаюць устаць з каленяў, што мы ўжо з койкі падняцца не можам. Мінск паслядоўна і праз абсалютна ўсіх агентаў уплыву прасоўвае думку пра зняцце з сябе санкцый.
Спробы айчыннага МЗС пракруціць геапалітычны фарш назад прыносяць дзіўны эфект.
З аднаго боку, сённяшняя амерыканская адміністрацыя відавочна знайшла агульную мову з Мінскам у пытаннях узаемнага пагладжвання ўрадавага эга — шляхам зняцця амерыканскіх санкцый у абмен на жывы тавар.
З другога — без сінхроннага або хаця б адкладзенага зняцця еўрапейскіх санкцый толку ад дэмантажу санкцыйнага бар’ера з боку амерыканцаў пакуль малавата. Без еўрапейскіх партоў і чыгунак сыравіна з Беларусі не можа танна і хутка трапляць на сусветны рынак.
Менавіта з гэтай акалічнасцю звязаныя спробы Лукашэнкі чарговы раз прадставіць ЕС, а ў першую чаргу суседнія Літву і Польшчу, пакрыўджанымі і неадэкватнымі: маўляў, я ўжо і вашых агентаў вызваліў і да вас адправіў, і паказваю, які я адбелены і пухнаты, а вы ўсё нечым незадаволены.
Але і Польшча, і Літва дэманструюць стойкасць у пытаннях рэальнай ацэнкі мінскага рэжыму як саюзніка Крамля ў агрэсіі не толькі супраць Украіны, але і як актара гібрыдных атак супраць краін ЕС.
Часы і рэальнасць мяняюцца. І калі яшчэ пару гадоў таму, заручыўшыся амерыканскай падтрымкай, Лукашэнка на чырвоным кабрыялеце ўскочыў бы ў клуб паважаных і рукапажатных, дык сёння адвакатаванне кіраўніка апошняй дыктатуры ў Еўропе з боку ЗША выглядае для Бруселя і нацыянальных урадаў ЕС хутчэй падазрона, чым пазітыўна.
Сяргей Кавальчук, «Салідарнасць»