29 траўня 2026, Пятніца, 1:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генерал-маёр СБУ: Лукашэнка сыграў ролю шырмы падчас абмену

Генерал-маёр СБУ: Лукашэнка сыграў ролю шырмы падчас абмену
Віктар Ягун

За абменам на мяжы Беларусі і Польшчы стаяла Масква.

На мяжы Беларусі і Польшчы адбыўся абмен зняволенымі па формуле «пяць на пяць», у выніку якога на волю выйшаў журналіст, лідар Саюза палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут, два грамадзяніны Польшчы і два грамадзяніны Малдовы.

У межах абмену, паводле звестак бакоў, РФ і Беларусі былі перададзеныя, у прыватнасці, археолаг Аляксандр Буцягін (затрыманы па справе аб незаконных раскопках у акупаваным Крыме), а таксама грамадзянка РФ Ніна Папова, якая працавала супраць інтарэсаў Малдовы, і грамадзянін Малдовы Аляксандру Балан, якога абвінавачваюць у супрацоўніцтве з КДБ Беларусі.

Генерал-маёр СБУ ў запасе Віктар Ягун лічыць, што менавіта Крэмль мог прымусіць Лукашэнку пайсці на абмен. Пра гэта ўкраінскі афіцэр расказаў у інтэрв’ю сайту Charter97.org:

— Аляксандру Балан быў намеснікам кіраўніка СІБ Малдовы. Яго затрымалі ў Румыніі, і рыхтавалася яго экстрадыцыя ў Малдову. Экстрадыцыя адбылася, Малдова імгненна прыняла рашэнне, каб ён узяў удзел у гэтай перадачы. Пры гэтым ён ужо не з’яўляецца грамадзянінам Малдовы — краіна пазбавіла яго грамадзянства.

Са свайго боку, Малдова атрымала дваіх сваіх афіцэраў, якіх незаконна затрымалі ў Маскве, — афіцэраў СІБ Малдовы, якіх абвінавачвалі ў шпіянажы на карысць сваёй краіны.

Навошта Расіі былі гэтыя людзі? Па-першае, яна чарговы раз прадэманстравала, што «мы сваіх не кідаем». Дзесьці там параненых або забітых салдат на фронце яна кідае. А такіх падонкаў, якія працуюць супраць сваіх краін, яна падтрымлівае. Я маю на ўвазе Папаву і Балана.

Што да археолага Аляксандра Буцягіна, гэта быў вельмі важны прэцэдэнт. Калі б Расія яго не выцягнула, і ён сапраўды трапіў бы ва Украіну, то мог бы атрымаць турэмны тэрмін. Праўда, яго ўсё адно абмянялі б. Я разумею, што яго аддалі б на чарговы абмен паміж нашымі палоннымі. Але сам факт таго, што еўрапейская краіна аддае чалавека, які парушыў украінскае заканадаўства на акупаваных тэрыторыях і займаўся незаконнай дзейнасцю, — гэта вельмі сур’ёзны сігнал для астатніх расійскіх навукоўцаў: ці варта ўвогуле займацца рабаваннем украінскіх тэрыторый нават пад выглядам навуковых даследаванняў.

У асноўным Украіна дасягнула выніку. Вельмі многія цяпер задумваюцца, ці варта ехаць у Еўропу, дзе іх у любы момант могуць па ўкраінскіх запытах затрымаць за тое ці іншае злачынства, нават за сам факт знаходжання на акупаваных тэрыторыях без дазволу ўкраінскай улады.

— Якую ролю ў гэтым абмене адыграў Аляксандр Лукашэнка — дзейнічаў ён як самастойны гулец ці ў каардынацыі з Крэмлём?

— Я думаю, што сапраўды каардынацыя ішла праз Крэмль. Але Лукашэнка быў вельмі сур’ёзнай шырмай. Пры гэтым у яго ўсё ж былі свае інтарэсы. Па-першае, гаворка ішла пра беларускага агента, якога вярнула Польшча. Па-другое, Лукашэнка спрабуе апраўдвацца. У мяне ёсць інтэрпрэтацыя абмену ад рэжыму Лукашэнкі, там вельмі цікава напісана: «мы сваіх не кідаем, у нас наш чалавек, а замест гэтага мы экстрэміста, авантурыста, нацыяналіста — гэтага Анджэя Пачобута — аддалі ў Польшчу, і няхай ён там сабе і жыве ў гэтай Польшчы».

Такая рыторыка патрэбная, каб паказаць, маўляў, менавіта мы тут былі галоўнымі ва ўсім гэтым працэсе. Так гэта выглядае ў заяве рэжыму Лукашэнкі, хаця ў цэлым зразумела, што за іх спінамі стаяла Расія. І для Расіі былі важныя і гэты навуковец, і гэта авантурыстка з Малдовы, і свой агент з Малдовы. Ну і потым Расія ж аддала двух афіцэраў малдаўскіх спецслужбаў. Гэта была гульня Масквы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках