29 красавiка 2026, Серада, 10:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У гэтай гісторыі было шмат паваротаў»: Туск расказаў, што дапамагло вызваліць Пачобута

3
«У гэтай гісторыі было шмат паваротаў»: Туск расказаў, што дапамагло вызваліць Пачобута
Дональд Туск

Беларускі рэжым мяняў меркаванне ў апошні момант.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск падчас прэс-канферэнцыі з нагоды вызвалення 28 красавіка палітвязня-журналіста Анджэя Пачобута, расказаў, як рыхтаваўся абмен, хто ў ім удзельнічаў і што зрабіла яго магчымым.

Беларуская старана мяняла меркаванне ў апошні момант

Па словах Дональда Туска, справа па вызваленні Анджэя Пачобута — «гэта доўгая і вельмі складаная, але адначасова — сенсацыйная гісторыя».

Шмат разоў польскі бок рабіў спробы пераканаць улады Беларусі, каб яны вызвалілі палітвязня-журналіста, а ў выпадку, калі адбудзецца абмен, каб Пачобут мог трапіць у Польшчу, але перадусім — быў на волі.

«Як я ўжо сказаў, гэтая гісторыя была доўгай і ў ёй было шмат паваротаў. Было вельмі цяжка разлічваць на надзейнасць і сумленнасць з беларускага боку. Дастаткова згадаць, што падчас адной з апошніх спроб давесці справу да абмену ў апошнія 24 гадзіны перад ім беларусы змянілі меркаванне. <...> На гэты раз, нарэшце, мы атрымалі тое, да чаго імкнуліся на працягу апошніх больш чым двух гадоў», — сказаў Туск.

Польскі прэм’ер падкрэсліў, што абмен стаў магчымы дзякуючы таму, што ў польскіх турмах знаходзіліся важныя для Беларусі, Расіі і Казахстана людзі:

«Гэты абмен не адбыўся б, калі б нашы службы не затрымалі ў адпаведны момант гэтых грамадзян. <...> Таксама патрэбныя былі асобы, затрыманыя ў сувязі з абвінавачваннямі ў дзеяннях супраць Румыніі і Малдовы. Я размаўляў з уладамі Малдовы і Румыніі, трэба было пераканаць іх далучыцца да гэтага абмену. Усё гэта было вельмі складана, але мы змаглі пераканаць іх і склалі гэты пакет з пяці чалавек для абмену, дзякуючы чаму Анджэй Пачобут трапіў на польскі бок».

Туск адзначыў, што цяпер усе павінны радавацца выніку, а таксама, што ўсе, хто мае дачыненне да гэтага вызвалення, могуць разлічваць на яго шчырую ўдзячнасць. Асобна прэм’ер-міністр падкрэсліў ролю польскіх спецслужбаў, асабліва — Агенцтва разведкі і Агенцтва ўнутранай бяспекі, а таксама міністра Томаша Сямоняка, які «на працягу некалькіх месяцаў прыклаў вельмі шмат намаганняў, каб дайсці да гэтага шчаслівага фіналу».

Польшча абяцае Пачобуту ўсебаковую падтрымку

Таксама Туск падзякаваў міністру замежных спраў Радославу Сікорскаму, удзел якога быў неабходны.

Ключавую ролю ў вызваленні Пачобута, паводле слоў польскага прэм’ера, адыгралі Злучаныя Штаты Амерыкі, а менавіта — актыўныя дзеянні спецпасланніка Дональда Трампа па справах Беларусі Джона Коўла.

«Мы некалькі разоў былі блізкія да фіналу, а пазней іншы бок падводзіў або наўмысна ў апошні момант выходзіў з гэтага працэсу. На гэты раз супрацоўніцтва саюзнікаў і мэтанакіраванасць нашых службаў і дыпламатаў і вельмі салідная падтрымка з боку Вашынгтона прывялі да гэтага шчаслівага завяршэння», — сказаў Туск.

Прэм’ер-міністр падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы з Пачобутам і адзначыў, што быў вельмі ўзрушаны яго першымі словамі, а дакладней — пытаннем:

«Гэта было нешта неверагоднае, калі ён казаў: «Але скажы, я змагу вярнуцца, калі захачу?» І я яму сказаў: «З сённяшняга дня ты цалкам вольны чалавек, ты будзеш сам вырашаць гэта, сваю будучыню, а з нашага боку будзеш мець поўную дапамогу, усё, што табе толькі спатрэбіцца. Але мы будзем паважаць кожнае тваё рашэнне». Ён, як вы ведаеце, вельмі рашучы і смелы чалавек, таму ён відавочна не збіраецца адмаўляцца ад гэтай справы, якой ён прысвяціў столькі гадоў свабоды і ўсё сваё жыццё, але ён можа разлічваць на нашу ўсебаковую падтрымку».

Па словах Туска, Анджэй Пачобут пройдзе медыцынскі агляд і зможа разлічваць на дапамогу польскай дзяржавы, незалежна ад таго, якія далей прыме рашэнні.

Акрамя Пачобута, у Польшчу былі перададзены каталіцкі манах Гжэгаж Гавель і яшчэ адзін грамадзянін Беларусі, які супрацоўнічаў з польскімі спецслужбамі, але па просьбе гэтага чалавека прэм’ер-міністр не назваў яго імя.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках