У Бабруйску заяц-тэатрал патрапіў у пастку
1- 26.04.2026, 12:36
- 2,362
Дзеля ягонага выратавання правялі цэлую аперацыю.
У Бабруйскім драмтэатры імя Дуніна-Марцінкевіча 24 красавіка выратавалі зайца-русака, які патрапіў у прыямак будынка, піша Bobr.by. Дапамагчы яму ўдалося дзякуючы ўвазе неабыякавага мінака.
Як распавяла загадчыца літаратурнай часткі ў тэатры Таццяна Мурманцава, у пятніцу, каля трох гадзін дня, у адміністратарскую адміністратарскую тэатра звярнуўся малады чалавек з просьбай аб дапамозе.
Высветлілася, што ягоная сяброўка бачыла, як дзікі заяц патрапіў у пастку, з якой не было шанцаў выбрацца, — у прыямак будынка тэатра. Гэта невялікае паглыбленне каля сцяны будынка, якое звычайна прызначана для асвятлення або вентыляцыі падвалаў, абароны фундамента, уладкавання ўваходаў або размяшчэння камунікацый. У выпадку з тэатрам зверху яшчэ была рашотка.
Калі сяброўка патэлефанавала бабруйчаніну, хлопец быў у дарозе з Мінска. Прыехаўшы ў Бабруйск, ён адразу накіраваўся на дапамогу жывёліне. Заяц сядзеў у прыямку, не варушыўся. Каб не неабыякавыя гараджане, у яго было б мала шанцаў на выратаванне.
Спачатку хацелі адкрыць акно, якое выходзіла з тэатра, але перадумалі: лавіць зайца ў вялікім пакоі складаней, чым у крохатным прыямку. Давялося падняць рашотку і спусціцца.
Ратавальнік зайца накінуў на яго палатнішча, у якое звычайна збіраюць лісце і галіны. Заяц пачаў адбівацца і нарэшце падаў голас. Малады чалавек упэўнена згроб яго ў тканіну і выгрузіў на траўку. Аказаўшыся на волі, вухасты адразу ўцёк у сквер.
— На жаль, не даведалася імя гэтага хлопца. Але не магу не выказаць свайго захаплення яго адгуклівасцю і ўмелым абыходжаннем з дзікай жывёлінай, — адзначыла Таццяна Мурманцава.