У Малі збілі расійскі верталёт
5- 26.04.2026, 12:25
- 2,834
Загінулі экіпаж і агнявая група.
Сепаратысты-туарэгі «Фронту вызвалення Азавада» (FLA) разам з баевікамі-джыхадыстамі JNIM, якіх звязваюць з «Аль-Каідай», пачалі маштабныя наступальныя дзеянні супраць ваеннай хунты краіны. Пра гэта паведамляе BBC.
Баявыя дзеянні працягваліся ў раёне ваеннай базы Каты паблізу сталіцы краіны Бамако, у гарадах Гао і Кідаль і іншых.
Прадстаўнік FLA Махамед Эльмаулуд Рамадан заявіў, што яго сілы ўзялі пад кантроль некалькі пазіцый у Гао і Кідалі, дзе якраз размешчана база былых «вагнераўцаў», якіх генерал Асімі Гоіта найняў для барацьбы з паўстанцамі пасля ваеннага перавароту ў 2021 годзе.
У сацыяльных сетках публікуюць кадры, на якіх, як сцвярджаецца, гарыць збіты верталёт расійскіх наймітаў.

У нядзелю раніцай, 26 красавіка, расійскі прапагандыст Ілья Туманаў, які адмініструе профільны авіяканал Fighterbomber, пацвердзіў, што расіяне страцілі ў Афрыцы адзін з верталётаў, які трапіў пад «вонкавае агнявое ўздзеянне» зенітна-ракетнага комплексу.

Удакладняецца, што экіпаж верталёта і мабільная агнявая група на борце загінулі.