СМІ: Пентагон узнавіў украінскую «Павуціну» падчас сакрэтных вучэнняў у Фларыдзе
1- 25.04.2026, 16:54
- 1,238
ЗША змяняюць стратэгію барацьбы з дронамі з-за досведу Украіны.
Пентагон кардынальна змяняе стратэгію барацьбы з беспілотнікамі, абапіраючыся на досвед вайны ва Украіне. У Фларыдзе правялі маштабныя вучэнні, дзе імітавалі масіраваныя атакі дронаў для праверкі амерыканскай абароны, паведамляе Defense One.
Паводле звестак выдання, падчас аперацыі «Чысты гарызонт» на авіябазе Эглін байцы спецназу ўзнавілі тактыку «Павуціны», якую Украіна выкарыстоўвала супраць РФ.
У сімуляцыі выкарысталі шырокі спектр апаратаў — ад малых камерцыйных дронаў да буйных сістэм, устойлівых да сродкаў радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ).
Асаблівасцю тэстаў стала выкарыстанне дронаў з валаконна-аптычным кіраваннем і апаратаў, што працуюць праз сетку LTE. Гэта дазволіла аператарам кіраваць тэхнікай нават з іншых штатаў.
Змена стратэгіі ЗША
Вынікі вучэнняў паказалі, што амерыканскім войскам патрэбная адзіная сістэма аб’яднання дадзеных з радараў і сродкаў перахопу. Акрамя таго, вайскоўцы прызналі неабходнасць стварэння недарагіх дронаў-перахопнікаў.
Зараз ЗША часта выдаткоўваюць дарагія ракеты, коштам у мільёны долараў, на знішчэнне танных беспілотнікаў.
Брыгадны генерал Мэтт Росс, які ўзначальвае цэнтр барацьбы з БПЛА Пентагона, адзначыў, што за апошнія шэсць тыдняў ЗША выдзелілі больш за 600 мільёнаў долараў на хуткую інтэграцыю новых тэхналогій.
- Мы былі ва Украіне каля шасці тыдняў таму, камунікавалі з Сіламі беспілотных сістэм... Мы разгледзелі гэтыя самыя перспектыўныя тэхналогіі і спасылаліся на дадзеныя аб іх эфектыўнасці ва Украіне, а не на ўнутраныя выпрабаванні ведамства, - заявіў Росс.
Паводле яго слоў, развіццё аўтаномных сістэм адбываецца значна хутчэй, чым фармуюцца гадавыя бюджэты, што стварае новыя выклікі для бяспекі.