Улады Іспаніі заявілі, што не стануць васалам пасля пагрозаў ЗША
6- 4.03.2026, 19:08
- 2,114
Мадрыд па-ранейшаму не дазваляе ЗША выкарыстоўваць свае базы ў межах аперацыі супраць Ірана.
Іспанія не збіраецца быць васалам, не дазволіць пагражаць сабе і будзе абараняць уласныя каштоўнасці, заявіла віцэ-прэм'ерка каралеўства Марыя Хесус Мантэра. Так яна пракаментавала пагрозы Вашынгтона спыніць гандаль з Мадрыдам з-за адмовы апошняга дазволіць ЗША выкарыстоўваць іспанскія ваенныя базы ў межах аперацыі супраць Ірана.
«Мы не збіраемся быць васаламі і не дазволім пагражаць сабе», — сказала Мантэра (цытата паводле El Periódico).
Яна пацвердзіла, што ўрад Іспаніі па-ранейшаму не дазваляе ЗША выкарыстоўваць базы Рота і Марон (абедзве размешчаныя на поўдні краіны) ў межах аперацыі супраць Ірана.
Прэм'ер-міністр Іспаніі Педра Санчэс раней асудзіў «аднабаковыя дзеянні» ЗША і Ізраіля супраць Ірана. Паводле яго слоў, гэта садзейнічае «больш варожаму і няпэўнаму міжнароднаму парадку».