Атакаванае расійскае судна дрэйфуе ў Міжземным моры
1- 17.03.2026, 8:18
- 4,582
На борце застаюцца каля 700 тон паліва, а таксама значны аб’ём прыроднага газу.
У цэнтральнай частцы Міжземнага мора дрэйфуе пашкоджаны расійскі танкер Arctic Metagaz, які перавозіў звадкаваны прыродны газ. На борце судна застаецца каля 700 тон розных відаў паліва, што выклікае сур’ёзную занепакоенасць у еўрапейскіх краін.
Пра гэта паведамляе CNN.
Паводле звестак выдання, Італія, Францыя і яшчэ сем дзяржаў ЕС накіравалі ліст у Еўракамісію, папярэдзіўшы пра «неадваротную і сур’ёзную» рызыку экалагічнай катастрофы. Судна знаходзіцца ў акваторыі паміж Мальтай і італьянскімі астравамі Лампедуза і Ліноза.
У звароце адзначаецца, што тэхнічны стан танкера і характар ягонага грузу ствараюць адразу дзве пагрозы — для марской бяспекі і для навакольнага асяроддзя. На борце застаюцца каля 700 тон паліва, а таксама значны аб’ём прыроднага газу. Пры гэтым экіпажу на судне няма.
У МЗС Расіі пацвердзілі, што танкер знаходзіцца ў дрэйфе, заявіўшы, што далейшыя дзеянні Масквы будуць залежаць ад «канкрэтных абставінаў».
Раней італьянскія ўлады паведамілі, што пасля здарэння былі эвакуіраваныя 30 членаў экіпажу. Паводле інфармацыі крыніц Reuters, пашкоджанні знаходзяцца вышэй за ватэрлінію, таму корпус пакуль захоўвае цэласнасць, аднак судна застаецца патэнцыйна небяспечным. Пры гэтым Італія не збіраецца дазваляць заход танкера ў свае парты.
Інцыдэнт адбыўся 3 сакавіка. Расійскі бок сцвярджае, што танкер мог падвергнуцца атацы марскіх дронаў, нібыта запушчаных з узбярэжжа Лівіі. Украіна адказнасці за магчымую атаку не брала і публічна яе не пацвярджала.
У той жа дзень Reuters са спасылкай на крыніцы паведамляла, што судна загарэлася ў Міжземным моры, а экіпаж быў знойдзены ў выратавальнай шлюпцы ў зоне адказнасці Лівіі.