Ці жывы новы вярхоўны лідар Ірана?
- 15.03.2026, 9:44
- 3,316
Калі Маджтаба Хаменеі ўсё ж такі жывы, то ён павінен здацца.
Кіраўнік Белага дома Дональд Трамп паставіў пад сумнеў, што новы вярхоўны лідар Ірана Маджтаба Хаменеі жывы. Падставай для сумневаў стала тое, што Хаменеі не з'явіўся на камеру ў чацвер.
Пра гэта паведамляе NBC News.
13 сакавіка Маджтаба Хаменеі выклаў у сетцы ў пісьмовым выглядзе сваю першую заяву як лідар Ірана, замест таго каб з'явіцца на камеру і агучыць яе. Менавіта гэта стала падставай для чутак пра тое, што ён можа быць мёртвы.
У пісьмовай заяве Хаменеі, сын забітага папярэдніка аяталы Алі Хаменеі, паабяцаў працягваць блакаваць Армузскі праліў і атакаваць саюзнікаў ЗША ў рэгіёне.
«Я не ведаю, ці жывы ён увогуле. Пакуль ніхто не здолеў яго паказаць», — сказаў Трамп у суботу.
І хоць прэзідэнт ЗША назваў чуткамі інфармацыю пра магчымую смерць лідара Ірана, ён усё ж такі заявіў наступнае:
«Я чую, што яго няма ў жывых, а калі ён жывы, то ён павінен зрабіць нешта вельмі разумнае для сваёй краіны, а менавіта — здацца», — сказаў Трамп.
Варта адзначыць, што напярэдадні кіраўнік Пентагона Піт Хэгсет заявіў, што малодшы Хаменеі быў паранены і, магчыма, знявечаны; ён таксама назваў яго пісьмовую заяву слабой.
Нагадаем, 13 сакавіка Піт Хэгсет заявіў, што стан здароўя Маджтабы Хаменеі можа быць значна сур'ёзнейшы, чым кажуць. Бо сваю заяву ён выклаў у пісьмовай форме, не з'яўляючыся на камеру і не падаўшы хаця б яе запіс.
Маджтаба Хаменеі быў паранены падчас аперацыі ЗША па ліквідацыі тагачаснага лідара Ірана, аяталы Алі Хаменеі. Мяркуецца, што ён мог траўмаваць ногі.