У Беларусі затрымалі прадстаўнікоў нямецкага канцэрна Bayer
7- 3.11.2026, 19:03
- 7,820
Менавіта Bayer стварыла сусветна вядомы аспірын.
У Беларусі ўзбуджаная крымінальная справа супраць прадстаўнікоў нямецкага хіміка-фармацэўтычнага канцэрна Bayer, іх падазраюць у ўхіленні ад выплаты падаткаў на суму больш за 50 млн рублёў. Па справе затрымалі дзесяць чалавек, сямёрых з іх узялі пад варту, паведаміў Следчы камітэт.
Па версіі следства, кіраўнікі замежных кампаній Bayer і АТ «БАЙЕР» пры садзейнічанні іншых асоб з студзеня 2020 года па сакавік 2026-га прадавалі ў Беларусі лекі і сродкі абароны раслін без рэгістрацыі пастаяннага прадстаўніцтва, праз якое павінна была ажыццяўляцца такая дзейнасць. Нібыта для прыкрыцця гэтай схемы былі створаныя ТАА «Байер ВР» і некалькі прадстаўніцтваў замежных кампаній.
«Фігуранты праігнаравалі той факт, што атрыманыя грашовыя сродкі падлягаюць падаткаабкладанню, і ўхіліліся ад выплаты падаткаў на агульную суму больш за 50 мільёнаў рублёў. Пры гэтым у перыяд злачыннай дзейнасці з беларускіх рахункаў групе кампаній Bayer пералічана больш за 1,35 мільярда рублёў», — заявілі ў СК.
У межах расследавання затрыманыя дзесяць чалавек — грамадзяне Беларусі і Расіі, сямёра ўзялі пад варту. Узбуджаная крымінальная справа па арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў).
У камітэце заявілі, што атрымалі «неаспрэчныя доказы датычнасці ўсіх падазраваных да ўчынення злачынстваў»:
«Праведзены вобшукі, вылучана дакументацыя, што пацвярджае супрацьпраўную дзейнасць, сярод якой ценявыя ўлікі, спецыфікацыі, дагаворы, заяўкі, даныя паставак і зводныя файлы».
Заяўляецца, што «фігуранты супрацоўнічаюць са следствам, даюць прызнальныя паказанні, у тым ліку ў дачыненні да кіраўніцтва замежнай кампаніі».
Для пакрыцця меркаванай шкоды арыштаваныя банкаўскія рахункі кампаніі і замежных прадстаўніцтваў, а таксама нерухомасць, аўтамабілі і іншая маёмасць падазраваных. Агульны кошт арыштаваных актываў складае не менш за 8 млн рублёў.
Нагадаем, у сакавіку 2022 года нямецкі канцэрн Bayer абвясціў аб абмежаванні працы ў Беларусі і Расіі пасля расійскага ўварвання ва Украіну. Кампанія прыпыніла інвестыцыйныя праекты, рэкламу і маркетынгавую дзейнасць у абедзвюх краінах.
Пры гэтым Bayer вырашыла захаваць пастаўкі асноўных тавараў для аховы здароўя і сельскай гаспадаркі. У канцэрне тлумачылі, што спыненне паставак жыццёва важных лекаў, у тым ліку прэпаратаў для лячэння анкалагічных і сардэчна-сасудзістых захворванняў, а таксама сельскагаспадарчай прадукцыі магло б нашкодзіць мірнаму насельніцтву.
Bayer — адзін з найбуйнейшых нямецкіх хіміка-фармацэўтычных канцэрнаў, заснаваны ў 1863 годзе. Кампанія вырабляе лекі, сродкі абароны раслін і насенне. Менавіта Bayer стварыла сусветна вядомы аспірын. Штаб-кватэра канцэрна знаходзіцца ў Леверкузене.