Расіяне сталі радзей купляць ежу
3- 3.11.2026, 16:31
- 1,642
Інфляцыя набірае абароты.
Расійскія спажыўцы ўсё больш эканомяць на пакупках харчоў, скарачаючы колькасць паходаў у крамы і выбіраючы найбольш танныя тавары.
Як паведамляе «Коммерсант» са спасылкай на даныя Focus Technologies, трафік харчовых крам сярэдняга і буйнага фармату (універсамаў, супермаркетаў і гіпермаркетаў) у Расіі ў студзені–верасні 2026 года скараціўся на 2–7% у гадавым выражэнні.
Найбольш прыкметны спад зафіксавалі гіпермаркеты — на 10,4% год да года. Крамы традыцыйнага гандлю страцілі 7% пакупнікоў, спецыялізаваныя харчовыя крамы — 2,5%, супермаркеты — 1,2%. Рост трафіку зафіксавалі толькі хард-дыскантары, што прадаюць мінімальны асартымент па самых нізкіх цэнах.
Негатыўная тэндэнцыя звязаная з агульным запаволеннем спажывецкай актыўнасці і змяненнем пакупніцкіх паводзінаў, тлумачыць кіраўнік напрамку даследаванняў і кансалтынгу Focus Technologies Міхаіл Васілеў: спажыўцы ўсё больш стараюцца рацыянальна планаваць выдаткі і ўважлівей ставіцца да напаўнення кошыка.
Расіяне эканомяць па меры таго, як харчовая інфляцыя набірае абароты, а цэннікі на базавыя прадукты харчавання растуць двухзначнымі тэмпамі. На канец кастрычніка, паводле даных «АБ-Цэнтра», бульба і цыбуля ў розніцы падаражэлі на 23% год да года, буракі — на 20%, капуста і яйкі — на 19%, грэчка — на 17%, кураціна — на 16%, цукар — на 15%, ялавічына — на 14%. На 10% выраслі цэны на хлеб, на 11% — на моркву.
Паводле даных «Чэк Індэкса», сукупная колькасць транзакцый па куплі прадуктаў харчавання ў Расіі ў студзені–кастрычніку 2026 года зменшылася на 2% у гадавым выражэнні. А гэта вымушае рытэйлераў пераглядаць планы: яны скарачаюць асартымент (на 0,6% за студзень–жнівень, па ацэнках «Н — Дэйт Фэктори») і адмаўляюцца ад адкрыцця новых гандлёвых кропак.
За першую палову бягучага года рознічныя сеткі адкрылі мінімальную колькасць новых крам з 2011 года. Іх агульная плошча склала 430 кв. м і скарацілася ўдвая ў параўнанні з тым жа перыядам 2025-га.