3 лiстапада 2026, aўторак, 23:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З глыбінь матэрыі прыйшоў загадкавы сігнал

6
З глыбінь матэрыі прыйшоў загадкавы сігнал
CERN/Getty Images

Навукоўцы наблізіліся да адкрыцця новай фізікі.

Навукоўцы выявілі сігнал, які прыйшоў з глыбінь матэрыі, на самым мікраскапічным узроўні з усіх калі-небудзь даследаваных.

Фізікі з Кембрыджскага ўніверсітэта падчас эксперыментаў на Вялікім адронным калайдэры ўпершыню выявілі сведчанні надзвычай рэдкага распаду часціц. Гэтае адкрыццё набліжае навукоўцаў да даследавання невядомага свету, у якім могуць хавацца невядомыя элементарныя часціцы і новыя фундаментальныя сілы прыроды, піша BBC.

Фізікі зафіксавалі сігналы надзвычай рэдкага распаду часціц, што прыйшлі з маштабу, які ў 100 мільярдаў разоў меншы за памер атама. Гэта такі мізэрны свет, што фізікі назвалі яго «зептасусветам». Гэты свет існуе ў маштабах парадку адной мільярднай трыльённай долі метра, або аднаго зептаметра.

Вялікі адронны калайдэр дазваляе сутыкаць часціцы амаль з хуткасцю святла. Яны распадаюцца на новыя часціцы, і гэтыя даследаванні дапамагаюць лепш зразумець поўную будову Сусвету.

Падчас новых эксперыментаў фізікі сутыкалі часціцы, якія ўтрымліваюць b-кваркі — фундаментальныя элементарныя часціцы, з якіх складаецца ўся вядомая нам звычайная матэрыя. b-кварк — вельмі нестабільная часціца, якая існуе ўсяго каля паўтары трыльённай часткі секунды, пасля чаго распадаецца. Праводзячы вымярэнні розных сцэнарыяў распаду такіх кваркаў, фізікі могуць выявіць уплыў невядомых часціц і сіл.

Фізікі ўпершыню выявілі прыкметы надзвычай рэдкага распаду b-кварка, які адбываецца толькі адзін раз на кожныя 10 мільярдаў распадаў гэтых часціц. Ідзе гаворка пра распад часціцы, што ўтрымлівае b-кварк, на два мюоны — больш цяжкія аналагі электронаў.

Гэтае адкрыццё набліжае навукоўцаў да даследавання невядомага свету, у якім могуць хавацца новыя часціцы і новыя фундаментальныя сілы прыроды. Але фізікі кажуць, што патрэбныя дадатковыя эксперыменты, каб канчаткова пацвердзіць гэтае адкрыццё.

Хаця атрыманы вынік супадае з прадказаннямі Стандартнай мадэлі фізікі элементарных часціц, далейшыя вымярэнні такіх вельмі рэдкіх распадаў могуць дапамагчы навукоўцам у пошуку прыкмет новай фізікі.

Таксама навукоўцы мяркуюць, што падобны распад дазволіць выявіць неўлоўную цёмную матэрыю, з якой складаецца больш за 80% Сусвету. Непасрэдна выявіць яе пакуль не ўдалося, але яна ўздзейнічае сваёй гравітацыяй на звычайную матэрыю. Лічыцца, што ў маштабах «зептасусвету» часціцы больш адчувальныя да цёмнай матэрыі, якая можа ўплываць на тое, як кваркі ўзаемадзейнічаюць і распадаюцца.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲