У Беларусі ўзгадняюць новыя правілы выгулу сабак
1- 29.11.2026, 11:58
- 2,078
Чаго чакаць іх уладальнікам.
Кантраляваць, прыбіраць і пад домам не гуляць — базавыя патрабаванні падчас прагулкі з хатнімі гадаванцамі. У месцах агульнага карыстання жывёлы павінны быць на кароткім павадку і ў намордніку. Выключэнні прадугледжаны толькі для шчанюкоў да 3 месяцаў і дэкаратыўных сабак ростам да 25 сантыметраў у холцы. Цяпер жа могуць з’явіцца змены ў частцы выгулу гэтых хатніх жывёл, піша domovita.by.
Акрамя таго, уладальнік заўсёды павінен быць напагатове: сачыць, каб яго чатырохлапыя гадаванцы не наносілі шкоды людзям або іншым жывёлам і не псавалі маёмасць.
Асобным пунктам — прыбіранне. Пакідаць прадукты жыццядзейнасці сабакі дзе б гэта ні было — у двары, на тратуары або на пляцоўцы для выгулу — нельга. Абавязак уладальніка — прыбраць за сваім гадаванцам. Інакш яму пагражае штраф да 15 базавых велічынь, сёння гэта амаль 700 рублёў. Але каб прыцягнуць парушальніка да адказнасці, злавіць яго трэба «на гарачым». Таму такія праступкі часта застаюцца беспакаранымі.
Цяпер абавязкі ўладальнікаў жывёл у нашай краіне вызначаюць Закон ад 1 красавіка 2024 г. № 361-З «Аб адказным абыходжанні з жывёламі» і Правілы ўтрымання хатніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Беларусі.
Разам з дзеючымі правіламі ў Беларусі падрыхтавалі праект пастановы Савета Міністраў, які павінен зацвердзіць шэраг нормаў у частцы адказнага абыходжання з жывёламі, сярод якіх і парадак выгулу сабак. Новыя палажэнні яшчэ на этапе фінальнага ўзгаднення, але асноўныя змены ўжо анансавалі.
Цяпер чатырохногія змогуць адчуваць сябе больш свабодна. Павадкі па-ранейшаму спатрэбяцца сабакам па-за спецыяльна адведзенымі для выгулу пляцоўкамі, а вось у частцы выкарыстання наморднікаў падыход перагледзяць. Яны спатрэбяцца для сабак, якія адносяцца да парод, што патрабуюць асаблівай адказнасці ўладальніка, іх метысаў і гібрыдаў, а таксама для сабак, прызнаных небяспечнымі.
Паводле праекта, выгульваць і дрэсіраваць жывёл без павадка і намордніка можна толькі на спецыяльна абсталяваных пляцоўках. Што будзе актуальна ўжо і для небяспечных парод.
Разам з тым, калі ўладальнік з сабакам пераходзяць дарогу, знаходзяцца ў ліфце або дапаможных памяшканнях жылых дамоў, шматфункцыянальных будынках, інтэрнатах і на дзіцячых пляцоўках — кароткі павадак жывёле неабходны, незалежна ад пароды. Альбо ўладальнік павінен трымаць гадаванца на руках.