Памёр беларускі дабраволец і герой «Маршу абураных беларусаў»
5- 28.11.2026, 22:55
- 12,330
Святаславу Барановічу было 40 гадоў.
У Кіеве сёння развіталіся з беларускім дабравольцам і былым палітзняволеным Святаславам «Ісусам» Барановічам. Пра гэта паведамілі у тэлеграм-канале супольнасці «Каліноўцы».
Двойчы палітзняволены
Святаслаў Барановіч нарадзіўся 16 красавіка 1986 года ў вёсцы Кавалі Нарачанскага сельсавета Вілейскага раёна (усяго ў раёне дзве вёскі з такой назвай). На радзіме ён двойчы станавіўся палітзняволеным.
Упершыню яго пачалі пераследаваць за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў 19 снежня 2010 года: тады Барановіча асудзілі на тры гады «хатняй хіміі».

У сакавіку 2017-га, пасля «Маршу абураных беларусаў», ён адкрыта заступіўся за анархістаў і паспрабаваў адабіць іх у сілавікоў у цывільным.
За гэта Святаслаў атрымаў тры гады калоніі і выйшаў на волю толькі ў кастрычніку 2020 года.
Вайна за Украіну
З пачаткам поўнамаштабнай вайны супраць Украіны Барановіч адправіўся ваяваць. З 2022 па 2025 год ён служыў у Полку імя Кастуся Каліноўскага, а потым працягнуў баявы шлях у брыгадзе «Хартыя», адкуль звольніўся летась.

4 лістапада 2026 года жыццё Святаслава, як гаворыцца ў паведамленні, «перадчасна абарвалася».
Яму было 40 гадоў. Пра абставіны смерці дабравольца не паведамляецца.