Дураў папярэдзіў уладальнікаў IPhone пра ўразлівасць
8- 28.11.2026, 8:36
- 8,366
Telegram пачаў рассылаць інструкцыі, як гэтага пазбегнуць.
Уладальнікам iPhone са састарэлай iOS пагражае масавы ўзлом, і для гэтага можа хапіць простага адкрыцця сайта. Telegram пачаў рассылаць папярэджанні карыстальнікам са старымі версіямі сістэмы.
Пра гэта паведаміў уладальнік Telegram Павел Дураў у X.
«Карыстальнікаў iPhone узломваюць у масавым маштабе. Калі ваша iOS хоць крыху састарэла, усе вашыя даныя пад пагрозай. Проста адкрыць вэб-сайт можа быць дастаткова, каб вас узламалі», — напісаў Дураў.
Ён дадаў, што Telegram дасылае такое папярэджанне ўсім карыстальнікам са старымі версіямі iOS.
У паведамленні ад афіцыйнага акаўнта Telegram сказана, што састарэлая iOS змяшчае ўразлівасці, якія ставяць пад пагрозу даныя і акаўнты карыстальнікаў.
Каб абнавіць сістэму, трэба:
адкрыць «Налады» на тэлефоне;перайсці ў раздзел «Асноўныя», а затым — «Абнаўленне ПЗ»;
усталяваць апошнюю даступную версію iOS.
Дураў не ўдакладніў, пра якія менавіта атакі ідзе гаворка. У лістападзе даследчыкі кібербяспекі паведамлялі пра некалькі маштабных кампаній супраць уладальнікаў iPhone.
У прыватнасці, кампанія Confiant выявіла сетку шкоднаснай рэкламы MoldyRoost, якая выкарыстоўвала больш за 480 рэкламных даменаў і атакоўвала карыстальнікаў больш чым у 47 краінах. Зламыснікі прымянялі наборы эксплойтаў Coruna і DarkSword, накіраваныя на больш старыя версіі iOS.
У канцы кастрычніка Apple выпусціла абнаўленне, якое закрыла 163 уразлівасці ў iPhone і iPad. Больш за ўсё выпраўленняў датычылася рухавіка браўзера WebKit і ядра сістэмы.
Яшчэ раней кампанія выпусціла два тэрміновыя абнаўленні iOS. Адно з іх закрывала ўразлівасць, якую хакеры ўжо маглі выкарыстоўваць у мэтавых атаках.