26 лiстапада 2026, Чацвер, 22:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У БДУ будуць вучыць школьнікаў беларускай мове

У БДУ будуць вучыць школьнікаў беларускай мове

Курсы будуць бясплатнымі.

Вучняў 5–7-х класаў будуць вучыць беларускай мове ў Белдзяржуніверсітэце, паведамілі ў прэс-службе ВНУ, піша БелТА.

Курсы маюць назву «Школа юнага бусляняці». Ініцыявалі праект супрацоўнікі філалагічнага факультэта БДУ.

Такім чынам хочуць папулярызаваць родную мову, павысіць узровень граматнасці дзяцей і арганізаваць знаёмства школьнікаў з факультэтам для свядомага выбару будучай прафесіі.

«Заняткі для вучняў такога ўзросту да гэтага часу ў БДУ не праводзіліся. Узрослая цікавасць да мовы і запыт ад школьнікаў на дадатковае вывучэнне яе асаблівасцей і спецыфікі падштурхнулі філолагаў БДУ адкрыць курсы для 5–7-х класаў», — паведамілі ў прэс-службе БДУ.

Заняткі «Школы юнага бусляняці» будуць праводзіць выкладчыкі кафедры беларускага мовазнаўства. А фармат навучання адаптуюць пад узрост удзельнікаў. Ён будзе максімальна адрознівацца ад звыклай школьнай праграмы.

Як будуць праходзіць заняткі

Паводле інфармацыі прадстаўнікоў ВНУ, стваральнікі курсаў хацелі адысці ад фармату класічнага ўрока.

«Нам важна, каб кожнае дзіця адчувала сябе спакойна і знаходзілася ў атмасферы падтрымкі, сяброўства і зацікаўленасці. Менавіта таму аснову навучання складуць гульні, віктарыны, інтэрактыўныя заняткі з акцэнтам на пашырэнне слоўнікавага запасу і павышэнне ўзроўню граматнасці», — патлумачыла загадчыца кафедры беларускага мовазнаўства БДУ Наталля Чарнаброўкіна.

Паводле яе слоў, навучанне ў «Школе юнага бусляняці» будзе бясплатным. Заняткі будуць праводзіць раз на два тыдні. Калі ахвотных будзе шмат, графік могуць скарэктаваць. Нягледзячы на тое, што рэгістрацыя ўжо адкрыта, далучыцца да праекта школьнікі змогуць на любым этапе.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲