Прывід прыйшоў да Вольфовіча
5- Сяргей Кавальчук, «Салідарнасць»
- 26.11.2026, 10:27
- 8,614
Рэжым апынуўся перад дылемай.
Вось ужо шэсць гадоў цягнецца спроба спыніць плынь часу і развіццё грамадства ў асобна ўзятай еўрапейскай краіне. Нягледзячы на татальную зачыстку грамадзянскай супольнасці ўнутры краіны, немагчыма адасобіць Беларусь ад сусветных трэндаў на індывідуальнасць і загнаць усіх грамадзян у адзін строй. Усё роўна будуць тыя, хто хоча выказвацца і браць прыклад з суседніх краін, дзе са свабодай слова прасцей.
Лукашысцкія ўлады апынуліся перад дылемай, з якой ужо сутыкалася савецкая ўлада ў эпоху развітага застою. З аднаго боку, дысідэнты — усе па нарах, а ўсюдыісныя спецслужбы трымаюць усіх за горла; з другога боку, празмернае задушэнне ініцыятывы на месцах пагражае грамадскай і эканамічнай стагнацыяй у яшчэ большых маштабах.
Без інтэрнэту і сацыяльных сетак не абысціся, але ў іх схаваная вялікая пагроза існаванню рэжыму. Сілавікі завастраныя на імгненнае знішчэнне інакшадумства, але разам з «бруднай вадой змагарства» выкідваюцца на абочыну жыцця важныя для грамадства кадры, без якіх ні ў бальніцу не схадзіш, ні падаткі не збярэш.
У выніку мы аказваемся ў дзіўнай сітуацыі.
З аднаго боку, асабіста Лукашэнка заклікае скардзіцца на сацыяльную неўладкаванасць і перагібы на месцах. Аднак паралельна з гэтым грамадзян, якія адкрываюць розныя сацыяльныя язвы, пачынае наведваць міліцыя, пасля візіту якой усякае можа здарыцца.
У лепшым выпадку — непрыемныя эмоцыі ад віду сілавіка на тваёй кухні. А ў горшым — канфіскацыя тэлефона, ды і гаспадара таксама могуць забраць на пэўны час з яго звычайнага жыцця. Калі зусім не пашанцуе, то гэты час можа аказацца працяглым.
Вельмі падобна, што дзеячаў недабітай «контры», якія з суседніх краін падштурхоўваюць падуладнае насельніцтва выяўляць незадаволенасць лукашысцкім ладам, і баіцца таварыш Вольфовіч. Поўнавартасную заслону ад ідэалагічна варожых думак афіцыйны Мінск паставіць не можа: няма тых рэсурсаў, што ў Кітая, і закрытасці краіны, як у КНДР. Таму і даводзіцца ганяць ўдзельковых на кожны ролік у TikTok пра яму ў двары і разбіты ліхтар.
Страх у такіх, як Вольфовіч і Кубракоў, нараджае агрэсію. І першы, і другі раз за разам распавядаюць, як душаць шматгаловую гідру змагароў у зародку. Адзін з ключавых мэсэнджаў, што гучаць ад сілавікоў, — паўтарэння 2020 года не будзе.
Шматлікія вучэнні і трэніроўкі спецслужбаў адпрацоўваюць адзін і той жа сцэнар стэрыльнай зачысткі вуліц і жорсткага падаўлення пратэсту. Вуліцы беларускіх гарадоў павінны быць чыстымі не толькі ад смецця, але і ад непажаданых асобаў і іх думак. Тады служывым і іх гаспадару будзе спакойна.
Але не. Пакуль няма тэхналогій для механічнай зачысткі аксонаў і нейронаў у галовах. З-за гэтага ў тых самых галовах людзей нараджаюцца думкі, што ідуць уразрэз з афіцыйнай ідэалогіяй. І гэтыя думкі сёння асабліва ні з кім не абмяркоўваюцца, але накапліваюцца і варацца ўнутры чалавека.
Тая «мяккая сіла», пра якую гаворыць Вольфовіч, нараджаецца не з каардынацыі і стварэння сетак уплыву з-за мяжы, а з прыроднага жадання і патрэбы чалавека жыць у бяспечным і прадказальным грамадстве.
Зразумела, што ўсё адносна і сёння свет далёкі ад гэтых характарыстык, але імкненне да свабоды і павагі да ўласнай асобы — тое, што ніякія БРСМы і іншыя «Белыя Русі» не здольныя задушыць.
Супольнасць, што саспела да свабоды, можна спрабаваць падаўляць, прымушаць хадзіць строем, душыць праявы салідарнасці і гарызантальнай кааперацыі. Але калі гадзіннікі ў галовах людзей пераключыліся на час перамен, гэты працэс незваротны.
Мяккая сіла ў саміх беларусах, якія хочуць жыць годна. А з гэтай простай і зразумелай усім ідэяй любой дыктатуры цяжка змагацца.
Сяргей Кавальчук, «Салідарнасць»