«На ўсе тавары цэны паўзуць уверх»
3- 21.11.2026, 17:17
- 2,748
Беларусы — як за год змяніліся іх выдаткі.
Беларусы сталі больш траціць. Паводле нават афіцыйных падлікаў Белстата, у крамах (у тым ліку робячы пакупкі ў крэдыт) грамадзяне нашай краіны пакідаюць у сярэднім амаль 35 рублёў за дзень — на 11% больш, чым год таму. У цэлым за 10 месяцаў беларусы пакінулі ў розніцы 96 мільярдаў рублёў.
Найбольш, паводле афіцыйных даных, за гэты час падаражалі кава, грэчка і замарожаная рыба, у той час як бульба, буракі, рыс, яблыкі сур'ёзна патаннелі.
«Салідарнасць» пацікавілася ў чытачоў, ці заўважылі яны рост паўсядзённых выдаткаў. Імёны ўсіх суразмоўцаў зменены.
Станіслава Юр’еўна, 77 гадоў, жыхарка райцэнтра:
— Цяпер жыву адна, таму ў мяне за дзень выходзіць значна менш — рублёў 20–25, калі бяру якое мяса або добрыя садавіны. І яшчэ моцна залежыць, у якую краму пайсці. У нас у горадзе ёсць некалькі даволі дарагіх, але ў іх лепшы выбар, а ёсць «Еўраопт» або «Хіт», дзе вечна праблемы з цэннікамі, а бывае, што і з якасцю — але выніковы чэк будзе ніжэй.
Каву я амаль не п’ю, параўнаць не магу. Грэчка ёсць танная ў «Еўраопце», але са смеццем, трэба патраціць час, каб перабраць і прамыць, а дзе якасць лепшая — кошт больш за 2 рублі. Курыца патроху даражэе — чула гісторыі пра «залатое» філе, але я бяру часткі прасцейшыя, 7–10 рублёў за кілаграм.
На што сапраўды цэны растуць кожную восень і зіму — гэта свежыя агуркі і памідоры. Нягледзячы на тое, што недалёка ў нас вялікая цяплічная гаспадарка, і яны хвальбыцца ў раёнцы, як круглы год вырошчваюць усё сваё, — былі агурочкі па 3 рублі, сталі па 6,5, а памідоры бачыла ад 8 да 13. Але дэфіцыту бульбы сёлета, дзякуй Богу, няма, і цэны нізкія, і выбар прыстойны.
Але пакуль мне хапае. Хоць пенсія з лістапада вырасла на… 1 рубель. Гэта прыкладна набор каробкаў запалак, пластар або пірожак з абрыкосам. Валяр’янка ўжо даражэй.
Варвара, 42 гады, Мінск:
— Сярэднядзённых выдаткаў не лічыла, мы з мужам аддаем перавагу закупляцца раз на тыдзень. Бывае, у нас выходзіць нават больш, чым сярэднія лічбы статыстыкі — але не з-за росту цэн, а таму што самі стараемся выбіраць прадукты і тавары лепшай якасці, адпаведна, даражэйшыя.
З таго, што бачу, — о так, курынае філе — гэта цудоўная гісторыя. Грудка каштуе 10 рублёў за кілаграм, яе і бяру і ўсё пускаю ў справу, а філе нават у фірмовых крамах — пад 20. Я смяялася, што вельмі дорага цяпер выняць адну костачку. Ці гэта проста такі эксперымент: на што можна падняць цэны, а што «не пракаціць». Для мяне, увогуле, «не пракаціла».
Кава падаражэла, так. Але ёсць пазіцыі: напрыклад, бяру «Якобс» у зярнятах — выходзіць танней за іншыя брэнды, у сярэднім кошт 800-грамовай пачкі 56–58 рублёў. Бывае і яшчэ танней, але гэта часцей усякія ноўнэймы, у якіх нават зерне паху кавы не мае, а гатовы напой — проста карычневая жыжа.
Увогуле, на ўсе тавары цэны паўзуць уверх, але не так, каб гэта моцна біла па кашальку. Вось паслугі — так: і цырульнікі, і касметолагі, і ветэрынары, і якаснае тэхабслугоўванне машыны ці рамонт — гэта цяпер нядешава.
Павел, 37 гадоў, жыхар сталіцы:
— На паўсядзённыя выдаткі ідзе, вядома, больш, чым год таму, але я б не сказаў, што крытычна. Калі б не тры пушыстыя морды, якія ў нас у сям’і жывуць і абы што есці не будуць, то мы з жонкай, мне здаецца, цалкам уклаліся б у 1–1,5 тысячы рублёў на месяц. Але на катах не эканім, а іх лячыць і песціць смачным сапраўды дорага.
Хоць жонка кажа, яна аматарка перахапіць у горадзе кубачак кавы або з падружкамі выбрацца на каву з дэсертам — што так, у грамадскім харчаванні выдаткі прыкметна падраслі, а ўзровень абслугоўвання — не. Але, паўтаруся, не настолькі, каб гэта стала крытычным і давялося адмаўляцца ад кавы навынос.
Іншая справа, што ўсё цяперашняе прадуктоўнае багацце па даступных цэнах — справа часовая. У Расіі цэны пачалі расці, а мы да яе прывязаныя ўжо нават не вяровачкай, а ланцугом — і я маральна рыхтуюся да таго, што як толькі нешта ў іх рухне, тут жа адгукнецца ў нас.
А на добрую тэхніку, на даўгавечныя тавары беларускія цэны ўжо даўно негуманыя. Проста выехаць за мяжу можа ўсё меней людзей, каб параўнаць рэальнасць, — а з тэлевізараў, з кожнага праса льецца прапаганда, як дрэнна і дорага там, і як добра тут у нас, дзе БелАЭС, і газ, і электрычнасць танныя. А мае знаёмыя, хто зьехаў у Польшчу і Германію, смяюцца: так-так, апошняга галуба даядаем і грэчку па крупінках…
Паліна Аляксееўна, 69 гадоў, райцэнтр Мінскай вобласці:
— Я хаджу па крамах пераважна ў сваім раёне, і як вопытная пенсіянерка-разведчыца ўжо ведаю, дзе танней, а куды і не варта зазіраць, каб не засмучацца. Дык што мы з мужам у 50–60 рублёў на два дні, прыкладна так плануем выдаткі, укладваемся з лёгкасцю.
Чай я выбіраю траўяны нядорагі, кавы не п’ю, шакалад горкі ем радка — бачу, што апошняя пазіцыя падаражэла, але ж ёсць акцыі і зніжкі (смяецца).
Што падскочыла ў цане, пагаджуся з афіцыйнай статыстыкай, — гэта рыба. Скумбрыя была 10–12 рублёў — стала 17, хек і камбала — ужо не знайсці танней за 12 рублёў, пікша, салака — па 9–10, вось яе і бяром. Пра дарагую чырвоную рыбу або крэветкі, якія прадаюць са зніжкамі ледзь не ў апошні дзень тэрміну прыдатнасці, я сумна прамаўчу.
Грэчка, мне здаецца, як і бензін, дадае па капейцы, каб пенсіянеры не заўважылі і не ўзбунтаваліся. Але, напрыклад, ні з малочнай прадукцыяй, ні з той жа курыцай асаблівага росту цэн я не бачу, а выбар нават у бліжэйшых крамах ёсць заўсёды. Рэгулярна бывае «Пятніца нізкіх цэн», там увогуле можна разгуляцца, і па тэрмінах прадуктаў усё будзе ў парадку.
Бачу па некаторых прамтаварах, што падаражалі (напрыклад, таннага мыла ўжо няма як дадзенасці), але і тут выручаюць розныя акцыі. Адзінае, калі мы дакладна выхадзім за ліміты — калі хварэем і трэба купляць лекі, адразу шмат.
Арына, 40 гадоў, абласны цэнтр:
— На прадукты мая сям’я траціць няшмат, 150 рублёў на тыдзень на траіх цалкам хапае. А вось што сапраўды аблягчае кашалёк, — гэта плата за дзіцячыя пазашкольныя кружкі-квадрацікі, абанемент у басейн, вітаміны для дзіцяці і дарослых, яшчэ ў мяне, хоць і невялікая, але растэрміноўка на тэлефон. Больш за палову ўсіх выдаткаў — не ежа, а вось гэта ўсё.
Каву я сабе купляю растваральную, 13 рублёў слоік, хапае на месяц. Ну і што, што там ад кавы толькі назва — для мяне важны сам рытуал. З курыцай, на якую наракалі мінчукі, у нас праблем няма: як каштавала грудка 9–10 рублёў, так і каштуе. Можна, вядома, адмыслова пайсці ў самую дарагую краму і там купіць філе, але навошта?
Я б нават сказала, што чым бліжэй да Новага года, тым больш крамы наперагонкі стараюцца прыцягнуць зніжкамі. Добрае сметанковае масла, чырвоная рыба, цукеркі камунаркаўскія — рэгулярна такі святочны асартымент на зніжках.
Вось чакаю, калі пачнуцца распродажы на міжсезонны абутак і вопратку, каб абнавіць сабе і мужу гардэроб да вясны. Дачцэ мы нядаўна па акцыі купілі зімовыя чаравікі і таксама зімовыя красоўкі, другая купля абышлася ўсяго ў 20 рублёў.
Плюс да таго, пункты Wildberries адкрываюцца, як грыбы пасля дажджу. У нас у невялікім раёне іх адразу тры, літаральна на кожныя два-тры дамы свой пункт — купляй, не хачу. І так, людзі купляюць, як не ў сябе, вечныя чэргі.