29 лiстапада 2026, Нядзеля, 14:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Для ўладальнікаў і гасцей аграсядзіб у Беларусі прыдумалі новыя правілы

21
Для ўладальнікаў і гасцей аграсядзіб у Беларусі прыдумалі новыя правілы

Проста зняць лазню больш не атрымаецца.

Прыехаць у домік у вёсцы, каб проста пажарыць шашлыкі, схадзіць у лазню і пераначаваць, больш не атрымаецца. Паводле абноўленых правілаў уладальнікам аграсядзіб афіцыйна забаранілі здаваць пакоі ў звычайную арэнду, а заадно абавязалі ўцягваць кожнага госця ў мясцовыя традыцыі, кухню або краязнаўства, піша Domovita.

Падрабязнасці ўказа № 275 і лістападаўскай пастановы Савміна растлумачылі спецыялісты Нацыянальнага агенцтва па турызме на вэбінары Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі.

Змены закранулі не толькі фармат адпачынку, але і падаткі, льготныя крэдыты і нават адносіны з суседзямі, чыя згода цяпер вырашае лёс любога свята ў двары. Разбіраемся ў новых правілах.

Ніякай звычайнай арэнды, і слова — за суседам

Паводле новых правілаў аграсядзіба больш не можа працаваць як звычайны катэдж на суткі. Уладальнікам забаранілі здаваць пакоі проста ў арэнду або найм. Любы дагавор з госцем павінен уключаць мінімум дзве паслугі, прычым адна з іх павінна знаёміць з мясцовым побытам, прыродай або кухняй.

Калі турыст захоча зняць толькі лазню, аформіць такі заказ па законе не атрымаецца. Да яе давядзецца дадаць краязнаўчую экскурсію, дэгустацыю фермерскай ежы, майстар-клас або народнае свята.

Затое для экскурсій гаспадарам і іх работнікам не патрэбна атэстацыя гіда. А для традыцыйных святаў без продажу білетаў і з беларускімі артыстамі больш не спатрэбіцца афармляць уключэнне ў рэестр арганізатараў мерапрыемстваў Мінкульта.

А вось з вулічнымі гулянкамі ўсё стала больш строга. Правесці сямейную ўрачыстасць, гастравечар або фальклорную сустрэчу ў двары атрымаецца толькі са згоды суседзяў, уключаючы тых, хто жыве праз дарогу. Падыдзе нават СМС або паведамленне ў мэсэнджары з датай і часам падзеі, але гэтае правіла дзейнічае кругласутачна, а не толькі пасля 23:00.

Больш за тое, сусед мае права перадумаць і адклікаць сваю згоду за дзень да свята — тады мерапрыемства на адкрытым паветры давядзецца адмяняць.

Да 15 пакояў, крэдыты пад 5% і агульны каталог

Пры гэтым уладальнікам аграсядзіб дазволілі пашырацца. Ліміт жылых пакояў у доме паднялі з 10 да 15. Праўда, забудоўваць участак іншымі капітальнымі будынкамі для начлегу гасцей, акрамя самой сядзібы і гасцявых домікаў, па-ранейшаму нельга.

Памагчы з будоўляй павінен льготны крэдыт ад Белаграпрамбанка пад 5% гадавых. Тэрмін яго вяртання павялічылі з 7 да 10 гадоў для фізасоб і з 5 да 8 гадоў для сельгасарганізацый, а стары ліміт у 2000 базавых велічынь увогуле прыбралі. Грошы дазваляецца накіроўваць на рамонт, гасцявыя домікі, куплю інвентару або добраўпарадкаванне ўчастка.

Нават калі гаспадар ужо браў такі крэдыт шмат гадоў таму, падавацца паўторна не забараняецца — банк будзе ўлічваць новы праект і рэальныя даходы.

Адначасова ў краіне з’явіцца адзіны адкрыты рэестр усіх аграсядзіб з адрасамі, кантактамі і цэнамі. Спачатку яго запусцяць на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме, а потым перанясуць на платформу «Разумны горад (рэгіён)» з пошукам па паслугах.

Трактар не выратуе ад падатку ў 10%

Па змоўчванні уладальнікі аграсядзіб плацяць 10% падатку на прафесійны даход. Перайсці на фіксаваны збор у 45 рублёў у месяц могуць толькі тыя, хто працуе па-за межамі Мінскага раёна і знаходзіцца мінімум у 10 кіламетрах па дарозе ад мяжы райцэнтра. Калі пад’ездаў да сядзібы некалькі, адлегласць палічаць па самым кароткім маршруце.

Але адной аддаленасці мала — давядзецца даказаць, што турыстаў насамрэч пагружаюць у мясцовыя традыцыі і побыт. Проста паставіць у двары трактар МТЗ не спрацуе: раённая камісія праверыць, ці праводзяць для гасцей сапраўдныя экскурсіі, майстар-класы або збор ураджаю.

Глядзець будуць на дагаворы, майстэрні, запасы гліны або мукі і нават на водгукі ў інтэрнэце. Пры гэтым патрабаваць лішнія паперы кшталту тэхналагічных карт выканкамам не дазволілі.

Усе старыя бестэрміновыя дазволы на збор у 45 рублёў перастануць дзейнічаць 31 снежня 2026 года, таму ўладальнікам давядзецца падаваць заявы нанова. А тым, хто толькі збіраецца зайсці ў гэты бізнес, варта закрыць старыя даўгі: шлях у агратурызм закрылі даўжнікам па заработнай плаце, грамадзянска-прававых дагаворах і кампенсацыях шкоды здароўю.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲