Пра іспанскую оперную спявачку Монсеррат Кабалье знялі фільм
2- 20.11.2026, 20:09
- 1,430
Стужка знятая на каталонскай мове.
Біяграфічную стужку «Caballe» (2026) зняла венесуэльская рэжысёрка Патрысія Ортэга, якая жыве ў Іспаніі. Дарослую Кабалье грае Бэгонья Альбердзі, юную — Ана Сааведра. Частка здымак прайшла ў барселонскім оперным тэатры Лісеу, дзе пачалася кар’ера спявачкі. Сцэнар фільму, знятага на каталонскай мове, напісалі Марта Арменгол і Марк Гонсалес.
Дзеянне адбываецца ў 1990-я: ужо шасцідзесяцігадовая Кабалье, адна з найлепшых сапрана свайго пакалення, пасля сусветнай кар’еры вяртаецца ў родную Барселону, каб працаваць над «Валькірыяй». Патрэсеная смерцю сябра Фрэдзі Мерк’юры і праблемамі са здароўем, яна перажывае асабісты і творчы крызіс, які вяртае яе ў юнацтва і да першых крокаў у спевах у 1950-я, калі дырэктар кансерваторыі заўважыў яе незвычайны голас. Ортэга кажа, што натхнялася фільмамі «Чорны лебедзь» Дарэна Аранафскага, «Элвіс» База Лурмана і «Анэтт» Леаса Каракса.
Монсеррат Кабалье нарадзілася ў 1933 годзе ў Барселоне і пайшла з жыцця ў 2018-м. Яна жыла ў небагатай сям’і, яе дзяцінства прыпала на гады грамадзянскай вайны ў Іспаніі. У маладосці вучылася ў кансерваторыі Лісеу, а ў 1956 годзе дэбютавала на опернай сцэне ў Базелі ў ролі Мімі ў «Багеме» Пучыні. Сусветную славу ёй прынёс 1965 год: у нью-ёркскім Карнегі-холе яна ў апошні момант замяніла захварэлую спявачку ў оперы Даніцэці «Лукрэцыя Борджыя» і атрымала авацыі, якія доўжыліся каля 25 хвілін. У 1987 годзе яна запісала з Фрэдзі Мерк’юры песню "Barcelona", якая стала гімнам Алімпіяды 1992 года ў яе родным горадзе.