Аўтар скандальнага помніка «Жанчыне-маці» ў Быхаве паказаў, як змяніў яго пасля крытыкі
31- 20.11.2026, 12:35
- 15,196
Хутка будзе аўкцыён.
Скандальную скульптуру «Жанчыне-маці» ў Быхаве, якую высмеялі ў сацсетках з-за дзіўных прапорцый і перакошанага твару, ужо дарабілі. Цяпер яна выглядае крыху інакш, а яе аўтар Аляксандр Мінькоў сцвярджае, што помнік хочуць набыць і хутка адбудзецца аўкцыён, перадае АНТ.
Дзяржаўны тэлеканал паказаў, як скульптура выглядае пасля дапрацоўкі. У прыватнасці, Мінькоў змяніў твар жанчыны, які выклікаў больш за ўсё пытанняў у беларусаў: рысы сталі больш роўнымі, а выраз твару — мякчэй. Пры гэтым сама кампазіцыя, што выявляе маці з дзіцём, засталася ранейшай.

Тым часам, паводле слоў скульптара, пасля скандалу ў яго нават з’явіліся патэнцыйныя пакупнікі, гатовыя набыць статую.
«Хутка будзе аўкцыён. Людзі ўжо гатовыя забраць. Мне пішуць асабіста», — распавёў Мінькоў.
Колькі прапануюць за працу, ён не ўдакладніў. Аднак на пытанне журналісткі, ці гатовыя пакупнікі заплаціць больш, чым мясцовы выканкам, адказаў: «Вядома!»

Пры гэтым аўтар заявіў, што перад адкрыццём помніка ніякай афіцыйнай камісіі не было.
«Прыязджалі, глядзелі — нібыта ўсё задавальняе. Вырашылі адкрыць», — растлумачыў ён.
Тым часам старшыня Беларускага саюза мастакоў Андрэй Васілеўскі раскрытыкаваў першапачатковую працу Мінькова — паводле ягоных слоў, прафесійная супольнасць таксама негатыўна ацаніла скульптуру.
«Магілёўская секцыя збіралася з нагоды рэакцый на ўстаноўку гэтай скульптуры і, вядома, негатыўна ацаніла творчасць свайго калегі», — расказаў Васілеўскі.
Ён сам лічыць, што помнік выглядаў прынамсі недапрацаваным; пры гэтым скульптуру не разглядаў Рэспубліканскі манументальны савет, які займаецца ацэнкай падобных твораў.
«Мяне бянтэжыць, што на Рэспубліканскім манументальным савеце гэтая скульптурная кампазіцыя не разглядалася. У Саюз мастакоў наконт выканання гэтай працы ніхто не звяртаўся, і мы нават не ведалі, што адбываецца», — заявіў Васілеўскі.
Ён таксама распавёў, што ў Мінькова было некалькі варыянтаў эскіза — Быхаўскі райвыканкам абраў адзін з іх, аднак гатовая праца яму не адпавядала.
У той жа час Васілеўскі не выключае, што дзякуючы скандальнай вядомасці ў скульптара сапраўды з’явяцца пакупнікі.
«Паколькі негатыўны піяр — гэта таксама рэклама, прычым часам вельмі эфектыўная, не здзіўлюся, калі яе купяць. Магчыма, з заказамі ў яго ўжо цяпер праблем не будзе», — дапусціў ён.
Нагадаем, кампазіцыю «Жанчыне-маці» адкрылі 6 лістапада ў гарадскім парку Быхава. Помнік прымеркавалі да Года беларускай жанчыны, аднак пасля з’яўлення першых фатаграфій у сацсетках яго пачалі крытыкаваць з-за дзіўных прапорцый і твару галоўнай гераіні.
У Быхаўскім райвыканкаме прызналі, што скульптура атрымалася не такой, як планавалася, і паабяцалі выправіць недахопы. Пазней стала вядома, што помнік адправілі на дапрацоўку, бо ён не адпавядаў зацверджанаму эскізу.
Сам Мінькоў распавядаў, што зрабіў скульптуру ў падарунак гораду. Адказваючы на крытыку, ён заявіў, што каб стварыць твор узроўню Мікеланджэла, яму спатрэбіліся б «круглая сума і год у запасе».