У Пухавіцкім раёне ДАІ са стрэлянінай спыніла вадзіцеля
4- 1.11.2026, 18:37
- 5,810
Перад гэтым нарад пачаў пагоню.
У вёсцы Сутын Пухавіцкага раёна супрацоўнікі ДАІ, страляючы па колах, спынілі аўтамабіль, за рулём якога быў нецвярозы мужчына, раней пазбаўлены права кіравання, паведаміла МУС.
Паводле інфармацыі сілавікоў, у міліцыю паступіла паведамленне пра тое, што па вёсцы Сутын ездзіць Ford без рэгістрацыйных знакаў, а ягоны вадзіцель, меркавана, п'яны. На месца выехаў нарад ДАІ.
Інспектары знайшлі машыну, падалі вадзіцелю сігнал спыніцца, але ён яго праігнараваў і паехаў далей. Пачалася пагоня.

Як сцвярджаюць у МУС, пасля папярэджанняў аб прымяненні зброі інспектар зрабіў прыцэльныя пострэлы па колах.
За рулём аказаўся 32-гадовы мясцовы жыхар з прыкметамі алкагольнага ап'янення. Ад медыцынскага агляду мужчына адмовіўся. Раней яго ўжо пазбаўлялі права кіравання за аналагічнае парушэнне.
На вадзіцеля склалі дзесяць адміністрацыйных пратаколаў, ён у ізалятары часовага ўтрымання. Мужчыну пагражае крымінальная адказнасць за паўторнае цягам года нецвярозае кіраванне. Ford канфіскуюць.