У Швейцарыі знайшлі амаль цэлую сістэму ацяплення XIII–XIV стагоддзяў
- 5.10.2026, 20:41
- 1,676
Фотафакт.
Археолагі ў Базелі выявілі рэдкую сярэднявечную паветраную сістэму ацяплення. Яна захавалася амаль поўнасцю і, паводле ацэнак спецыялістаў, лічыцца ўнікальнай для Швейцарыі.
Знаходку зрабілі падчас рэканструкцыі будынка па адрасе Петэрсграбен, 52. Пад рэшткамі сярэднявечнага манастыра Гнадэнталь археолагі выявілі ацяпляльную ўстаноўку, якая, верагодна, абагравала трапезную — памяшканне, дзе манахіні прымалі ежу.
Паводле будаўнічых асаблівасцяў сістэму датуюць XIII–XIV стагоддзямі.

Яна працавала без звыклых печаў у памяшканні. Пад зямлёй знаходзілася камера, запоўненая валунамі. Іх награвалі гарачым паветрам ад топкі, а затым назапашанае цяпло паступала ўверх.
Археолагі знайшлі топачны канал з каменных блокаў і цэглы, а таксама дзве захаваныя стральчатыя аркі. У перакрыцці ўцалелі восем адтулін, якія зачыняліся. Іх адкрывалі пасля таго, як дым ад агню сыходзіў, і цёплае паветра падымалася ў трапезную.

Падобныя каменныя паветраныя сістэмы ацяплення ў Швейцарыі знаходзяць надзвычай рэдка. Паводле звестак Археалагічнай службы Базель-Штадта, па ступені захаванасці гэтая ўстаноўка вылучаецца і сярод вядомых еўрапейскіх прыкладаў.
Знаходку ўжо падрабязна задокументавалі і стварылі яе трохмерную мадэль. Улады Базеля цяпер шукаюць спосаб захаваць канструкцыю і ўбудаваць яе ў праект рэканструкцыі будынка.
Манастыр на гэтым месцы з’явіўся прыкладна ў 1231 годзе. Пазней тут жылі некалькі жаночых манастырскіх суполак, а назва Гнадэнталь замацавалася пасля перасялення сюды ў 1279 годзе сясцёр з Гнадэнталя. Пасля Рэфармацыі манастыр закрылі, а да канца XIX стагоддзя яго апошнія пабудовы зніклі.
