У Босніі разбіўся італьянскі верталёт міратворчай місіі ЕС
1- 30.10.2026, 3:13
- 1,818
Загінулі прынамсі чатыры чалавекі.
У чацвер, 29 кастрычніка, непадалёк ад горада Брчка на поўначы Босніі і Герцагавіны разбіўся італьянскі ваенны верталёт CH-47 Chinook, які ўдзельнічаў у міратворчай аперацыі ЕС Althea.
Прынамсі чацвёра членаў экіпажа загінулі, яшчэ 11 параненыя, паведамляе Euronews.
Аварыя адбылася ўдзень каля вёскі Горыца, прыкладна ў 180 км на паўночны ўсход ад Сараева. На борце знаходзіліся 15 чалавек. Паводле слоў прадстаўніка бальніцы ў Брчку Саліха Ібрагімбегавіча, трое загінулі на месцы, а яшчэ адзін памёр ужо ў бальніцы, куды даставілі 12 пацярпелых.
Мэр акругі Брчка Сініша Міліч паведаміў, што адзін з параненых знаходзіцца ў крытычным стане.
У EUFOR падкрэслілі, што грамадзянскія асобы не пацярпелі, а будынкі і аўтамабілі не атрымалі пашкоджанняў. Прычыны аварыі пакуль невядомыя; іх вызначыць расследаванне.

У місіі заклікалі не распаўсюджваць неправераную інфармацыю і сачыць за афіцыйнымі паведамленнямі.
Міратворчая місія ЕС у Босніі і Герцагавіне дзейнічае з 2004 года, калі яна пераняла гэтую функцыю ад НАТА. У яе склад уваходзяць каля 1200 вайскоўцаў.
Місія дзейнічае на падставе мандата Савета Бяспекі ААН і сочыць за выкананнем ваенных палажэнняў мірнага пагаднення, якое завяршыла вайну 1992–1995 гадоў.