Сябры Кастуся Іванова: Дзякуй кожнаму, хто дапамог
- 28.10.2026, 13:18
Збор сродкаў, абвешчаны блізкімі, закрыты.
Сябар Кастуся Іванова Сяргей Гумінскі паведаміў, што збор сродкаў, які адкрылі блізкія на развітанне з журналістам «Хартыі’97», цалкам закрыты.
«Ад усяго сэрца дзякуем вам усім за ваш унёсак. Дзякуючы вашай дабрыні і неабыякавасці мы дасягнулі мэты і нават перавысілі яе, сабраўшы 102%. Гэта сапраўднае сведчанне таго, колькі людзей любіла нашага Кузю і памятае яго.
Кожны ваш унёсак — донат або рэпост — быў сведчаннем вашай любові і таго, што ён пакінуў пасля сябе нешта сапраўднае ў сэрцах людзей», — напісаў Сяргей Гумінскі ў «Фэйсбуку».
Развітанне з журналістам «Хартыі-97» Кастусём Івановым пройдзе ў пахавальным бюро Dom Pogrzebowy Koperski ў Варшаве па адрасе ul. Powązkowska 2, на рагу вуліцы Okopowa. Паніхіда адбудзецца ў чацвер, 29 кастрычніка, аб 11:00.
Кастусь Іваноў памёр 24 кастрычніка пасля цяжкай хваробы. Яму было 40 гадоў.
У 2000-х Кастусь быў адным з самых прыкметных актывістаў руху «Зубр» і грамадскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» у Віцебску. Шматразова затрымліваўся сілавікамі падчас акцый пратэсту.
Пасля прэзідэнцкіх «выбараў» 2010 года пераехаў у Польшчу і працаваў журналістам сайта Charter97.org.
